Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” сустрэўся са старшакласнікамі Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны.
Разам з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Святланай Валюшкінай і намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Марынай Бабашынскай Аляксандр Кадлубай азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў гімназіі. Навучэнцы правялі для ганаровых гасцей экскурсію па ўстанове адукацыі, расказалі аб яе гісторыі і традыцыях, дасягненнях і самых значных праектах, што яны рэалізуюць разам са сваімі настаўнікамі.
У гімназіі вядзецца сістэмная работа па грамадзянска-патрыятычным і маральна-духоўным выхаванні моладзі. Навучэнцы шануюць памяць аб гістарычным мінулым, імкнуцца вырасці дастойнымі прадаўжальнікамі спраў славутых палачан і прымножыць каштоўнасці, перададзеныя ў спадчыну папярэднімі пакаленнямі. Ва ўнутраным двары ўстановы адукацыі знаходзіцца помнік настаўнікам і вучням, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2019 годзе ён быў рэканструяваны з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў установы адукацыі і дзякуючы дапамозе арганізацый раёна і нераўнадушных жыхароў райцэнтра. Найбольшую падтрымку аказаў Беларускі фонд міру, з якім гімназію звязвае даўняе плённае супрацоўніцтва. У дзень 60-годдзя фонду ўстанове адукацыі быў прысвоены ганаровы статус “Школа міру”. Гімназісты штогод паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, канферэнцыях рознай накіраванасці, спартыўных спаборніцтвах і турнірах, займаюцца валанцёрскай і даследчай дзейнасцю. Сярод відаў спорту тут найбольш папулярныя шахматы. У прыватнасці, з імі звязана некалькі перспектыўных праектаў і ініцыятыў, пра якія з задавальненнем расказалі гасцям. Акрамя таго, моладзь захапляецца і дэманструе добрыя вынікі ў камандных спартыўных гульнях, лёгкай атлетыцы, тэнісе, біятлоне. Аляксандр Кадлубай даў высокую ацэнку ўбачанаму: “У гімназіі ёсць адметнае аблічча, стыль. Відавочныя глыбіня і змястоўнасць работы калектыву.”
Дасягненні ў галіне спорту і турызму сталі тэмай адкрытага дыялогу “Гордасць за Беларусь. Хутчэй. Вышэй. Мацней” з навучэнцамі 10—11 класаў, дзе госці выступілі ў якасці экспертаў. Размова закранала і пытанні развіцця сістэмы адукацыі, заахвочвання пераможцаў алімпіяд па вучэбных прадметах, змяненняў у сістэме выпускных іспытаў і ўвядзення цэнтралізаваных экзаменаў у 11 класе па матэматыцы і рускай (беларускай) мове. Моладзь абмеркавала з экспертамі галіны прымянення, магчымасці і мэтазгоднасць дыстанцыйнага навучання, запатрабаваныя сёння прафесіі і спецыяльнасці, верагодныя змяненні кан’юнктуры на рынку працы ў наступныя дзесяцігоддзі. На завяршэнне сустрэчы Аляксандр Кадлубай падарыў гімназіі спартыўны інвентар і пажадаў дасягнення высокіх вынікаў у галіне фізічнай культуры і спорту.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара