Наваселле ў гімназіі

- 15:28В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сталічная гімназія № 41 імя В.Х.Сярэбранага пасля пераезду гасцінна расчыніла свае дзверы на вуліцы Чурлёніса,18. Ва ўрачыстым адкрыцці новабудоўлі прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Для гасцей была арганізавана экскурсія па гімназіі, падчас якой яны азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы. Новы будынак гімназіі размясціўся на плошчы звыш 24 тысяч квадратных метраў. Разлічана навучальная ўстанова на 1240 вучняў. Акрамя сучасных вучэбных кабінетаў і лабараторый навуковага таварыства навучэнцаў, у гімназіі ёсць цір на чатыры стралковыя месцы, інфармацыйна-тэхнічны цэнтр, агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, лекцыйныя залы, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гуртковай работы, музей і шматлікія рэкрэацыйныя зоны.

Уражвае і спартыўная база новабудоўлі. Універсальная, гімнастычная, трэнажорная залы з раздзявалкамі, харэаграфічная студыя, на вуліцы — тэнісныя корты, баскетбольныя і валейбольныя пляцоўкі. Уладкаваны ўтульны дворык для пачаткоўцаў. Асаблівасцю новабудоўлі з’яўляецца вялікі водны комплекс, у якім прадугледжаны дзве чашы для плавання (на 20 і 50 чалавек), абсталявана лыжная база. Па задуме будаўнікоў, архітэктурныя і дызайнерскія рашэнні будынка ствараюць спрыяльнае для зносін і псіхалагічнага камфорту асяроддзе. Што немалаважна, створаны неабходныя ўмовы для навучэнцаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: будынак абсталяваны пад’ёмнай платформай, аснашчаны пандусамі і камерамі відэаназірання для арганізацыі бяспечнага знаходжання навучэнцаў.

41-я гімназія — адна з найстарэйшых у горадзе. За ёй трывала замацаваўся імідж моцнай і прэстыжнай навучальнай установы. Толькі за апошнія 6 гадоў яна чатыры разы займала 1-е месца сярод гімназій горада. Дзеці, якія тут вучацца, штогод удзельнічаюць і перамагаюць на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па матэматыцы, хіміі, інфарматыцы. Сёння ва ўстанове адкрыты хіміка-біялагічны, фізіка-матэматычны, архітэктурна-мастацкі напрамак. У планах — далейшае пашырэнне прафілізацыі, у дзяцей з’явіцца вялікі выбар прадметаў, якія яны змогуць вывучаць на павышаным узроўні.

Па словах дырэктара гімназіі Марыяны Скакун, каб дабіцца поспехаў, неабходна спалучэнне трох элементаў. Гэта высокакваліфікаваныя педагогі, якія правільна ўсведамляюць мэты навучальнай установы і калектыву, любяць сваю справу. Другое — здольнасці і матываванасць навучэнцаў, якія павінны быць зацікаўлены ў тым, каб атрымліваць новыя веды, вывучаць прадметы дасканала. Трэцяе — умовы, якія не павінны абмяжоўвацца сценамі і партай. Важна крочыць у нагу з часам, выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі, інтэрактыўныя сродкі навучання, фарміраваць сучаснае асяроддзе. У новым будынку для навучэнцаў створаны цудоўныя ўмовы для іх усебаковага развіцця.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўручыла кіраўніку ўстановы сертыфікат на набыццё вучэбнага абсталявання.

—    Дзеці і моладзь — самае галоўнае для краіны. Мы разумеем, што за імі — будучыня, потым яны будуць кіраваць нашай цудоўнай краінай. Таму і адукацыі мы ўдзяляем шмат увагі. Кіраўнік дзяржавы заўсёды ставіць сур’ёзныя задачы па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, зместу падручнікаў. У гімназіі створаны цудоўныя ўмовы не толькі для вывучэння прадметаў, але і для рэалізацыі творчых і спартыўных здольнасцей дзяцей. Педагогі і навучэнцы заслужылі такія ўмовы. Тут вучацца шмат вучняў, якія атрымліваюць стыпендыі Прэзідэнта. Гэта гаворыць пра тое, што ў навучальнай установе працуе цудоўны калектыў педагогаў, якія вучаць дзяцей і фарміруюць іх асобу, — адзначыла Наталля Качанава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий