У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы ўжо другі год хуткімі тэмпамі набірае папулярнасць гурток па робататэхніцы. І вось ужо навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка” папаўняюць сваю скарбонку першымі перамогамі.
Нашы навучэнцы Мікіта Тарасевіч і Ягор Цыванюк стварылі робатаў “Механічная рука”, “Робат разборкі завалаў”, “Аўтамабіль-ратавальнік”. З гэтымі работамі хлапчукі прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Ратавальнікі будучыні” і атрымалі дыплом I ступені Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А зусім нядаўна юныя робататэхнікі вырашылі паспрабаваць свае сілы на абласным робататурніры ў Лідзе. І зноў перамога! Мікіта Тарасевіч і Марк Касцюк атрымалі дыпломы II ступені Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці.
У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні дзяцей робататэхніцы ў цэнтры творчасці выкарыстоўваюцца Lego-канструктары WEDO 2.0 – гэта канструктары для стварэння праграмуемага робата.
Сёння ў калекцыі нашых навучэнцаў робаты “Даследчык раслін”, “Лунаход”, “Танцуючы робат”, “Мадэль крана”, “Робат-Баскетбол”, “Спадарожнік”, “Веласіпед”, “Сейф”, “Млын” і шмат іншых.
У гуртка створаны свой Youtube-канал “Wedo2.0 Svisloch”, дзе размешчаны вынікі работы вучняў, конкурсныя работы і запісы заняткаў аб’яднання (https://www.youtube.com/channel/UCXRRVqpXolxcM2YjtHSbVUQ).
У ходзе навучання па праграме аб’яднання па інтарэсах педагог дадатковай адукацыі Эдуард Нарэўскі навучыў дзяцей выконваць камп’ютарныя і цвёрдацельныя мадэлі прадастаўленых дэталей, выконваць зборкі дэталей у асяроддзі LegoRobot, распрацоўваць трохмерныя мадэлі дэталей і мадэрнізаваць іх пры змене ўмоў. Цяпер дзеці асвойваюць новы канструктар для праграмавання “Йодо”.
Зусім нядаўна кабінет тэхнічнай творчасці ў цэнтры папоўніўся сучаснымі камп’ютарамі і зараз у дзяцей з’явілася больш магчымасцей праявіць сябе і дасягнуць высокіх вынікаў.
Ася ПАРФІР’ЕВА,
метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы