Педагагічныя задачы Таццяны Шашок

- 10:35Персона

Сёння Таццянін дзень, а гэта значыць у нас з вамі ёсць выдатная магчымасць павіншаваць усіх знаёмых Таццян. Мы ж гэта робім, ушаноўваючы Таццян-­педагогаў.

Знаёмцеся — Таццяна Шашок. Гэтая дзяўчына робіць першыя крокі ў прафесію, але рухаецца па выбраным шляху ўпэўнена і з энтузіязмам. Будучы студэнткай факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, ўжо працуе ў школе. Сумяшчаць, канечне, не проста, але мая сённяшняя гераіня любіць рашаць складаныя задачы. Тым больш у перакладзе са старажытнагрэчаскай Таццяна — “наладжвальніца” (устроительница). І Таццяна Шашок здолела наладзіць сваё жыццё так, каб паспяваць усюды.

“Вучоба ва ўніверсітэце натхніла на наступны крок — паспрабаваць свае сілы ў ролі настаўніцы. У выніку я трапіла  ў сярэднюю школу № 136 Мінска. Прыйшла туды яшчэ на трэцім курсе і пачала працаваць выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Пасля прапанавалі стаць настаўніцай пачатковага навучання. Я без сумневаў пагадзілася, бо вопыт заўсёды неабходны. Цяпер я працую ў 4-м класе. Вучу і з’яўляюся класным кіраўніком 4 “А” класа.

 Дзеці ўсе розныя: дапытлівыя, старанныя, працавітыя, бывае, трошкі лянуюцца, але ж разам мы паступова рухаемся да нашай агульнай мэты. Настаўніку вельмі важна мець моцны ўнутраны стрыжань, які будзе дапамагаць спраўляцца з усімі цяжкасцямі. Акрамя таго, калі вы стойкі, упэўнены ў сваіх прынцыпах і поглядах чалавек, то будзеце добрым прыкладам для дзяцей. Яшчэ настаўнік павінен быць добрым і душэўным чалавекам, каб вучні давяралі яму”, — падзялілася Таццяна Уладзіміраўна.

Цяпер Таццяна Шашок да абеду студэнтка 4 курса, а пасля — настаўніца. Універсітэцкае жыццё ўжо практычна выпускніцы насычанае і цікавае. З першага курса яна з’яўляецца байцом педагагічнага атрада “Данка-2”, які робіць жыццё студэнтаў займальным. Напрыклад, яны могуць паспрабаваць сябе ў ролі важатага ў аздараўленчым лагеры. І сама Таццяна ўдзель­нічала ў конкурсе “Мой важаты — самы-самы”, дзе ўзяла прызавое месца.

 Актыўнічала і ў студэнцкім алімпіядным руху. “Важнасць дысцыплін і прадметаў, якія мы вывучам падчас навучання ва ўніверсітэце, нельга ацаніць паасобку. Іх уздзеянне комплекснае, накіраванае на стварэнне самабытнага і годнага педагога, які павінен стаць прыкладам для пераймання”, — падкрэсліла Таццяна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий