Для навучэнцаў 6–8-х класаў Дварчанскага дзіцяча сада – базавай школы Свіслацкага раёна праведзена інфармацыйная гадзіна “Памяці ахвяр Халакосту”.
27 студзеня ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, адзначаюць Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту (сёння пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі). Гэта дзень вызвалення савецкімі войскамі ў 1945 годзе найбуйнейшага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым-Біркенау.
Трагедыя Халакосту не абышла і наш раён. У лістападзе 1941 года было створана гета ў Свіслачы. 1 лістапада 1942 года усіх, хто застаўся жывым, а гэта 1536 старых і малых, жанчын і дзяцей, фашысты расстралялі ва ўрочышчы Вішаўнік.
У ходзе мерапрыемства вучні пазнаёміліся з асноўнымі паняццямі, звязанымі з трагедыяй Халакосту, даведаліся пра шматлікія ахвяры фашызму, пра жорсткае знішчэнне яўрэйскага народа ў лагерах смерці, гета. Увазе прысутных быў прадстаўлены відэафільм “Яны ўбівалі анёлаў”.
Вучні ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр генацыду. У заключэнне мерапрыемства былі абмеркаваны словы І.Баўэра, даследчыка Халакосту: “Памяць пра Халакост неабходная, каб нашы дзеці ніколі не былі ахвярамі, катамі ці раўнадушнымі назіральнікамі”.
Святлана МАЕР,
настаўнік гісторыі
Дварчанскага дзіцяча сада – базавай школы
Свіслацкага раёна