Кросенс, скрайбінг, кейс­-тэхналогіі…

- 14:10МИНСК, Регионы

У сталіцы стартаваў гарадскі конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока — 2022”.

Конкурс накіраваны на павышэнне якасці сталічнай адукацыі і ўдасканаленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Яго заснавальнікам выступае камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Арганізатар спаборніцтваў — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

На базе МГІРА прайшло першае конкурснае выпрабаванне “Метадычны батл “Мая лепшая ідэя па стварэнні на ўроку ўмоў для развіцця асобы навучэнца”. Батл складаўся з 2 раўндаў: першы раўнд — выступленне канкурсанта на працягу мінуты, а ў другім канкурсанты дзякавалі канкрэтнаму аўтару за ідэю, якая найбольш ім спадабалася, тым самым аддаючы 0,25 бала ў скарбонку свайго таварыша.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 98 Алена Ралько самай важнай задачай лічыць уменне бачыць асобу кожнага вучня, заўважаць яго поспехі, нават нязначныя, пераадольваць няўдачы, а не ставіць двойкі. А пасля гэтага — падбі­раць адукацыйныя тэхналогіі для развіцця асобы дзіцяці. У адваротным выпадку тэхналогіі атрымаюцца, а ўрок — не.

На думку настаўніцы пачатковых класаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 468 Ганны Егер, сёння дзеці ў пачатковай школе зусім не такія, як былі раней, але як і ў папярэднія часы, так і цяпер, дзіця імкнецца да поспеху.

На сваіх уроках педагог стараецца прадаставіць ім гэтую магчымасць. У гэтым ёй дапамагае прыём візуалізацыі інфармацыі “Кросенс”. “У сучасных дзяцей кліпавае мысленне, але кросенс дае магчымасць прыцягнуць увагу дзіцяці і ўтрымаць яе, дасяг­нуць пастаўленай мэты. Прыём дазваляе развіваць пазнавальныя інтарэсы, устойлівасць увагі, прыходзіць да агульнага меркавання і рабіць лагічныя высновы”, — адзначае педагог.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 92 Марына Быстрык лічыць найбольш прыдатнай для развіцця асобы навучэнца кейс-тэхналогію. Выкарыстанне кейс-тэхналогіі мае шэраг пераваг: навучэнцы вучацца слухаць, чуць адзін аднаго, працаваць у камандзе, у іх фарміруецца лагічнае мысленне. Гэтыя ўменні ім спатрэбяцца як у далейшай вучобе, так і ўвогуле ў жыцці.

Сёлета ўдзельнікамі конкурсу сталі 26 педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і 3 настаўнікі-метадысты. Сярод канкурсантаў — уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, пераможцы гарадскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства ранейшых гадоў, аўтары вучэбна-метадычных дапаможнікаў, удзельнікі міжнародных навукова-практычных канферэнцый і форумаў, кіраўнікі метадычных фарміраванняў.

“Вучы ў нагу з часам” — пад такім дэвізам будуе сваю работу настаўнік працоўнага навучання гімназіі № 6 Дзяніс Царэня. Валодаць ІТ-тэхналогіямі, выкарыстоўваць праграмныя прадукты, быць даступным у сацыяльных сетках — усё гэта дазволіць завая­ваць давер вучняў, размаўляць з імі на адной мове, дасягнуць поспехаў у вучобе.

Тэхналогію “Глядзі ў корань” прадставіла настаўніца матэматыкі гімназіі № 13 Іна Хазан. “Механізм яе рэалізацыі наступны. Пачынаю з пагружэння ў тэму: для мяне відавочна, што нельга адразу з вялікай навукай прыходзіць да дзяцей — урок павінен далучаць дзяцей да адкрыцця ведаў. Далей пракачваю навыкі вучняў, знаходжу баланс паміж планаваннем і імправізацыяй, дапамагаю спазнаць навакольны свет з дапамогай мадэлей. Творчасць — асноўная частка. Імкнуся расціць творцу ў дзіцяці, узні­маць яго аўтарскія пазіцыі. Геаметрыя майго ўрока складаецца з розных элементаў. Пераканалася, што колькасць прыкладзеных намаганняў прама прапарцыянальная выніку, які атрымліваю”, — расказала педагог.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 21 Святлана Азарка эфектыўным спосабам дасягнення высокіх адукацыйных вынікаў лічыць скрайбінг — найноўшую тэхніку прэзентацыі. Скрайбінг — графічны спосаб данясення інфармацыі, мэта якога — прыцягнуць увагу аўдыторыі і сфакусіраваць яе на выступленні і сутнасці выкладання. Выкарыстоўваюцца розныя тыпы выяў: ад сімвалаў і малюнкаў да асобных ключавых слоў. Аповед выступоўцы ілюструецца на ляту, прама ў момант перадачы інфармацыі — атрымліваецца эфект паралельнага руху, калі мы бачым і чуем адначасова. Гэтая тэхніка робіць акцэнт не на выяўленчым рэсурсе, а на змесце. У ідэале слухач павінен узнавіць у памяці пачутае паведамленне ў агульных рысах. Алгарытм наступны: асэнсаванне мэт і зместу, складанне добрай гісторыі, стварэнне ві­зуальнага рада. Настаўніку скрайбінг дае магчымасць прадставіць структураваную інфармацыю, наладзіць зносіны ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці і па любой тэме. У вучняў пры гэтым фарміруюцца ўсе віды ўніверсальных вучэбных дзеянняў, актывізуецца пазнавальная дзейнасць, развіваюцца ўсе віды мыслення і камунікатыўныя навыкі.

Падзяліўшыся на кафедры (кафедра ініцыятыў, кафедра наватарства, кафедра развіцця, кафедра прагрэсу, кафедра творчасці і кафедра стварэння), канкурсанты бліскуча прадэманстравалі майстэрства кароткага выступлення, уменне аргументаваць сваю пазіцыю і вызначаць каштоўнасць пачутых ідэй.

Наперадзе педагогаў чака­юць два выпрабаванні: адкрытыя вучэбныя заняткі “Урок далёкага дзеяння” — публічны ўрок для педагагічнай аўдыторыі горада па загадзя выбранай тэме ў актавай зале сваёй установы адукацыі і медыянар “Навучымся! Статус абавязвае” (педагогу прадастаўляецца камплект матэрыялаў для самастойнага вывучэння і прапаноўваюцца алгарытмы работы з імі). Дарэчы, першыя конкурсныя ўрокі пачнуцца ўжо 25 студзеня.

Жадаем канкурсантам удачы і творчага натхнення!

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий