У трэцім класе Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна прайшла інтэрактыўная гульня “Знатакі прыроды”, якая садзейнічала фарміраванню экалагічнай культуры вучняў, уменню бачыць прыгожае, выхаванню жадання берагчы і ахоўваць прыроду.
На пачатку мерапрыемства была праведзена гутарка, якая дазволіла актывізаваць пазнаваўчую дзейнасць, накіраваць намаганні дзяцей на пошук вырашэння праблем па ахове і захаванні прыроды. А затым раздзяліліся на дзве каманды – “Чабарок” і “Верасок”. За кожны правільны адказ каманда атрымоўвала жэтон.
За час гульні дзеці пабывалі ў “Бюро прагнозаў”, дзе трэба было вызначыць па прыметах, добрае ці дрэннае надвор’е яны прадказваюць, прывесці свае прыклады. Завіталі ў “Лясное царства”, дзе можна было сустрэцца з “зялёнымі сябрамі” і братамі нашымі меншымі, паслухаць спевы птушак. Зазірнулі ў “Куфэрак таямніц”, дзе былі схаваны прыродныя каштоўнасці. Самым напружаным і цікавым этапам гульні быў бліц-турнір, дзе камандам трэба было за адну хвіліну адказаць на большую колькасць пытанняў. У ходзе гульні дзецям давялося пераадолець рад выпрабаванняў, з якімі яны справіліся на выдатна. За актыўны ўдзел і веды ў галіне экалогіі вучні атрымалі граматы.
А на завяршэнні мерапрыемства выхаванцы падзяліліся сваімі меркаваннямі пра тое, якую пасільную дапамогу яны ў сілах аказаць, каб захаваць прыроду. Гэта, напрыклад, ўдзел у акцыях “Збяры макулатуру – захавай дрэва”, “Кожнай птушцы – па кармушцы”, “Ачысцім планету ад смецця”.
Таццяна АГЕЙ,
класны кіраўнік 3-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна