У рамках прафарыентацыйнай акцыі “Дзень з прадпрыемствам” навучэнцы 6–7-х класаў Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна наведалі самае буйное прадпрыемства мясцовага ААТ “Ханявічы” – малочна-таварную ферму.
Намеснік загадчыка Наталля Рагачэўская пазнаёміла вучняў з усімі этапамі складанага тэхналагічнага працэсу – ад нараджэння маленькіх цялятак да здачы малака на знакаміты “Беллакт”. Дзеці даведаліся, колькі чалавек працуе на МТФ, колькі тут утрымліваецца галоў маладняка і дарослых кароў, як ажыццяўляецца вырошчванне маленькіх і догляд вялікіх цялят.
Школьнікі змаглі паназіраць за працэсам кармлення. Атрымалі адказы на ўсе пытанні: колькі часу ўтрымліваецца жывёла ў кожным з цэхаў, які склад кармоў у пэўным узросце, як вылічыць і дагледзець рэкардсменку, якая дае больш за 30 літраў малака, прычым гатунку “экстра”. Вучняў уразіла высокатэхналагічная арганізацыя працэсаў, сучасная аснашчанасць прадпрыемства.
Дзеці, якія растуць у вёсцы, ласкава і з задавальненнем падыходзілі, каб пагладзіць жывёл. Знаёмства з лепшымі працаўнікамі, шчырая размова з імі, захопленасць працай і самаадданасць, задаволенасць вынікамі працы абудзіла ў многіх вучняў жаданне ў будучым атрымаць прафесіі ветэрынарнага ўрача, заатэхніка або стаць жывёлаводам. Кіраўніцтва МТФ выразіла надзею на тое, што сённяшнія школьнікі стануць іх годнай зменай.
Наталля ПАЎЛОВІЧ,
класны кіраўнік 6-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна