Экскурсія ў музей Ручніка корнадзьскіх школьнікаў

- 15:26ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы 3-га інтэграванага класа Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна наведалі музей Ручніка, які размешчаны ў трох залах установы.

Вучні даведаліся, што музей быў адкрыты ў 2005 годзе. Усяго тут налічваецца 675 экспанатаў, з іх 223 – ручнікі. Створаны экспазіцыі “Ручнік – дарога чысціні”, “Вышыўка і ткацтва”, “Народны побыт”.

Апынуўшыся ў першай зале, дзеці ўбачылі безліч розных ручнікоў: на тканевай аснове, грубыя і мяккія, з адбеленага ільнянога палатна. Дзяўчынкі даведаліся, што ільняныя вышываныя ручнікі суправаджалі чалавека ад нараджэння да смерці, яны выкарыстоўваліся ў абрадах, надзяляліся магічнай сілай, і ў кожнага з іх было сваё прызначэнне. Адзін з самых простых варыянтаў – ручнік-уціральнік, якім у паўсядзённым жыцці выціралі твар і рукі. Але і ён надзяляўся вялікай сілай ачышчэння. 

Наведаўшы другую залу музея, навучэнцы пабачылі, як і чым жылі нашы продкі, патрымалі ў руках прыстасаванні для ручной апрацоўкі ільну (часала, верацяно, пралка), пры дапамозе якіх ствараліся ручнікі, даведаліся, што яны з’яўляліся важнай часткай пасагу, пра які клапаціліся загадзя, калі дзяўчыне было 14–15 гадоў. Ручнікоў патрэбна было шмат – 5–10, а то і некалькі дзясяткаў.

У трэцяй зале трэцякласнікі разглядалі адзенне беларусаў з ільну, вышытае нацыянальным арнаментам, тканыя паясы, лялькі-абярэгі.

Па заканчэнні экскурсіі вучні зрабілі для сябе вывад, што музей школы – гэта тое месца, дзе захоўваецца памяць пра нашых продкаў, іх мары, памкненні, жаданні, дасягненні.

 

Алена ЛАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 3-га інтэграванага класа
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий