Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту

- 12:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Акцыя “Свечка памяці”, прысвечаная Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, праходзіць у Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе Смаргонскага раёна.

Падчас урока памяці “Ахвярам Халакосту прысвячаецца…” вучні 6-га класа пазнаёміліся са словамі “халакост”, “генацыд”, “гета”, даведаліся пра лагеры смерці, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Еўропы і Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і пра тое, чаму менавіта 27 студзеня стаў Міжнародным днём памяці ахвяр Халакосту.

Глыбокае ўражанне пакінула ў школьнікаў кніга Ірыт Абрамскай “Тры лялькі”. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з апавяданнямі пра трох лялек, якія належылі яўрэйскім дзяўчынкам з Польшчы, Венгрыі і Францыі. Нягледзячы на тое, што падзеі адбываліся ў розных краінах, аб’ядноўвала галоўных гераінь адно пачуццё – пачуццё страху і жаху, якія ім давялося перажыць у гады Халакосту. Лёсы дзяўчынак вельмі ўсхвалявалі школьнікаў, прымусілі задумацца пра многае.

У ходзе інфармацыйнай гадзіны “Халакост: памяць і папярэджванне”. вучні 4-га класа даведаліся, якая сувязь існуе паміж паняццем “халакост” і датамі 1933, 1935, 1938, 1941–1945. Дакументальныя кадры, статыстыка, паведамленні падрыхтаваных вучняў пра злачынствы нацыстаў дапамаглі зразумець маштаб трагедыі. Вельмі ўразілі малодшых школьнікаў вытрымкі з дзённіка яўрэйскай дзяўчынкі Ганны Франк пра жыццё яўрэяў у гады вайны. Напрыканцы вучні прыйшлі да высновы, што мы павінны ведаць прычыны Халакосту, каб трагічныя падзеі больш ніколі не паўтарыліся.

У ходзе інтэрактыўнай гутаркі “Памяць пра Халакост – шлях да талерантнасці” дзевяцікласнікі ўспомнілі, што такое талерантнасць, яе асноўныя прынцыпы, якой павінна быць талерантная асоба, прывялі прыклады неталерантных паводзін. Дзякуючы дыялогу зрабілі выснову, што самай страшнай праявай неталерантных паводзін з’яўляецца генацыд, ахвярамі якога ў гады другой сусветнай вайны сталі мільёны яўрэяў па ўсім свеце.

Затаіўшы дыханне, вучні прагледзелі фрагменты дакументальнага фільма “Асвенцым. Падарожжа ў ад”, якія наглядна прадэманстравалі маштаб знішчэння нявінных людзей фашыстамі. Ні адзін з прысутных на мерапрыемстве не застаўся абыякавым да ўбачанага. Вучні прыйшлі да высновы, што ні ў якім выпадку нельга дапусціць падобнага.

Інфармацыйная гадзіна для вучняў 5-га класа прайшла ў гісторыка-краязнаўчым музеі “Маё Залессе”. Месца было абрана не выпадкова. Навіны мінулага, а менавіта такая форма інфармацыйнай гадзіны была абрана, намнога эмацыянальней успрымаюцца менавіта ў такім месцы. Пяцікласнікі даведаліся пра лагеры смерці, створаныя на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра тое, што тэма Халакосту не абмінула і Смаргонскі раён, і аграгарадок Залессе, дзе таксама ёсць трагічнае месца – там устаноўлены помнік расстраляным яўрэям. Менавіта тут 27 студзеня вучні 9–11-х класаў правялі акцыю “Не падлягае забыццю”. Школьнікі расчысцілі ад снегу падыходы да помніка, усклалі гірлянду і ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх, хто загінуў у пякельным агні Халакосту.

Мерапрыемствы акцыі “Свечка памяці” дазволілі вучням усвядоміць, што мы абавязаны не толькі памятаць пра мінулае, але і выразна ўсведамляць, якія пагрозы сучаснаму свету нясуць міжнацыянальная розніца, расавая нецярпімасць.

 

Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий