У рамках Года гістарычнай памяці навучэнцы 6 “А” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні на інфармацыйнай гадзіне пазнаёміліся з духоўна-гістарычным каталіцкім помнікам Смаргоні – касцёлам Святога Міхаіла Арханёла.
У пачатку знаёмства дзеці адказалі на пытанні, што яны ведаюць пра гісторыю Смаргонскага касцёла і пра каталіцызм. Як паказала апытанне, трэць навучэнцаў з’яўляюцца каталікамі, рэгулярна наведваюць храм, але, на жаль, дрэнна ведаюць яго гісторыю. Таму я прапанавала шасцікласнікам здзейсніць невялікі віртуальны экскурс у гісторыю касцёла Святога Міхаіла Арханёла, які пабачыў многае за гады войн і рэпрэсій.
Для нагляднасці на дошцы была прадстаўлена шматмерная логіка-сэнсавая мадэль, якая дазволіла ўбачыць у сістэме ўсю атрыманую інфармацыю пра храм. Дзеці даведаліся, што касцёл мяняў сваіх гаспадароў у залежнасці ад пануючай на тэрыторыі Беларусі рэлігіі, быў разрабаваны, а таксама выступаў у якасці склада і музея, захоўваў байцоў падчас вайны і служыў шпіталем для параненых.
На этапе рэфлексіі вучні адказвалі на пытанні, наколькі важныя такія мерапрыемствы, што можа даць Год гістарычнай памяці, у чым заключаецца неабходнасць ведання сваіх вытокаў.
Людміла ЗАХАРЭВІЧ,
класны кіраўнік 6 “А” класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні