У старшай дашкольнай групе “Сонейка” Ліпнішкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень, прысвечаны птушкам, якія зімуюць у нашым краі.
Для таго каб паспяхова рэалізаваць тэматычны тыдзень, у групе быў сабраны ілюстрацыйны і дыдактычны матэрыял па тэме, падабрана пазнавальная і мастацкая літаратура. Увесь тыдзень з дзецьмі былі арганізаваны розныя віды дзейнасці. Праводзіліся ў групе гутаркі пра птушак, якія зімуюць у нашым краі, разглядаліся ілюстрацыі, прэзентацыі, выхавальнікі чыталі мастацкія творы, знаёмілі з новымі рухомымі гульнямі.
Каб падтрымаць цікавасць выхаванцаў да тэмы “Птушкі” і замацаваць іх веды, былі аформлены дыдактычныя гульні “Колькі птушак на кармушцы”, “Адгадай па апісанні”, “Якіх птушак зімой не ўбачыш”, “Каго і чым накарміць”. У гульнях дзеці сістэматызавалі веды пра птушак, удакладнілі “меню для птушак”. На творчых занятках хлопчыкі і дзяўчынкі старанна і захоплена ляпілі, малявалі, канструявалі пярнатых сяброў.
Падчас прагулак выхаванцы адзначылі, што птушкі сталі не баяцца набліжацца да чалавека. Іх да людзей прыцягвае голад. Дзеці назіралі за птушкамі, якія прылятаюць на прышкольную тэрыторыю, і вырашылі дапамагчы ім перазімаваць. З пластыкавых бутэлек і скрынак з-пад малака выхаванцы сваімі рукамі змайстравалі кармушкі, якія напоўнілі кормам і развесілі на дрэвах.
Дзеці штодня дзяжураць у “Птушынай сталоўцы”, чысцяць і папаўняюць кармушкі зернем, насеннем сланечніка, крошкамі хлеба. Падкормка птушак ажыццяўляецца кожны дзень падчас дзённай прагулкі. А птушкі і рады: з усіх бакоў злятаюцца сініцы і вераб’і. Такі прыём ім вельмі падабаецца. Назіраючы за птушкамі, дзеці заўважылі, што, папаўняючы кармушкі ў адным і тым жа месцы, у адзін і той жа час, яны прывучаюць птушак да пастаяннага месца кармлення.
Падчас правядзення акцыі “Дапаможам птушкам перажыць зіму” дзеці зразумелі, што яны робяць добрую справу – дапамагаюць выжыць птушкам у самую цяжую пару года.
Хутка пацякуць са стрэх ледзяшы і вясёлы птушыны хор абвесціць пра надыход вясны. Усё ў прыродзе будзе радавацца таму, што перажылі суровую зіму. І нам будзе радасна ад таго, што мы дапамаглі нашым пярнатым сябрам дажыць да вясны!
Таццяна ЗДОНЧЫК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Ліпнішкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна