Тыдзень хіміі і біялогіі ў Субацкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе школе Ваўкавыскага раёна – гэта асаблівая атмасфера, пранізаная духам стварэння, супрацоўніцтва, жаданнем падзяліцца ўласнымі адкрыццямі са сваімі сябрамі, чаканне чагосьці незвычайнага, неардынарнага і цікавага.
Традыцыйна тыдзень пачаўся з лінейкі, у ходзе якой многа слоў было сказана пра такія важныя навукі, як хімія і біялогія, іх значэнне і дасягненні, абвешчана праграма тыдня. Быў створаны інфармацыйны стэнд “Тыдзень хіміі і біялогіі”, на кожным кабінеце – выказванні вядучых вучоных пра навукі, якім прысвечаны тыдзень. Адначасова з запланаванымі мерапрыемствамі быў аб’яўлены конкурс плакатаў і фатаграфій. На працягу ўсяго тыдня вучні 6–11-х класаў малявалі тэматычныя плакаты “Здароваму – усё здорава”, вучні 1–5-х класаў адпраўлялі фотаздымкі. Пры такой форме пазакласнай работы ў дзяцей не толькі развіваецца лагічнае мысленне і інтэлект, але і крэатыўнасць, удасканальваюцца навыкі здаровага ладу жыцця. Рабяты наведвалі школьную бібліятэку, камп’ютарны клас, стараючыся знайсці дадатковую інфармацыю і перамагчы ў конкурсе. Конкурс фатаграфій “Дзікія і дамашнія – усе такія важныя” выклікаў інтарэс у вучняў, і як вынік – вялікая галерэя фатаграфій з выявамі жывёл.
Мерапрыемствы тыдня праходзілі ў даступнай пазнавальнай форме, у тым ліку і для вучняў 1–5-х класаў, якія яшчэ не вывучаюць гэтыя прадметы, галоўным было прабудзіць у рабят інтарэс да вывучэння прадметаў у старшых класах.
Вучні з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах тыдня. Навучэнцы 5–7-х класаў былі ўдзельнікамі гульні-віктарыны “Гэтыя пацешныя жывёлы”. У ходзе правядзення конкурса ва ўсіх заданнях веды спалучаліся з забавамі. Вясёлыя пытанні выклікалі ў вучняў захапленне, і кожны змог ацаніць свае веды, паказаць эрудыцыю і кемлівасць. “У лабараторыю Акадэміі гігіены” наведаліся вучні групы падоўжанага дня; мерапрыемства прайшло ў форме каманднай гульні. Вучні 9-га класа паказалі свае веды ў гульні-квесце па хіміі, а для адзінаццацікласнікаў была арганізавана інтэлектуальная гульня “Хімія +”. Дух спаборніцтва, дэманстрацыя здольнасцей, форма правядзення выклікалі асаблівы інтарэс у старшакласнікаў.
Жывы інтарэс выклікаў у вучняў 4-га класа ўдзел у майстэрні “Практычная лабараторыя”, падчас якой вучні працавалі з мікраскопамі, самастойна рыхтавалі часовыя мікрапрэпараты і разглядалі іх. Атмасфера суперніцтва прысутнічала пры правядзенні “Турніру біялагічных ведаў”, у ходзе якога знаходзілі правільнае рашэнне ў экалагічных задачах і атрымлівалі веды пра спосабы аховы свайго ўласнага здароўя і здароўя навакольных.
Завяршыўся тыдзень тэматычным вечарам-прэзентацыяй “Дакрануцца сэрцам да прыгажосці”. Мэта мерапрыемства заключалася ў экалагічным выхаванні школьнікаў, фарміраванні ў іх свядомых адносін да навакольнага прыроднага асяроддзя, фарміраванні асобы з развітай экалагічнай культурай, якая праяўляецца ў гуманных адносінах да ўсяго жывога, фарміраванні пачуцця адказных адносін да прыроды, а таксама ўласных поглядаў для яе захавання.
Асаблівую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў аказвалі вучні 11-га класа. Яны загадзя рыхтавалі заданні для конкурсаў, былі актыўнымі членамі журы, а таксама паспрабавалі сябе ў ролі педагогаў і правялі практычны майстар-клас для вучняў 3–4-х класаў “Птушкі на кармушцы”. Такая форма правядзення мерапрыемства прыйшлася па душы не толькі выхаванцам, але і самім старшакласнікам, што садзейнічала іх прафесійнай накіраванасці.
Усе праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі фарміраванню экалагічнай граматнасці і культуры, беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя, здароваму ладу жыцця, пазнанню жыцця і самога сябе, а таксама выпрацоўцы самадысцыпліны і самаарганізацыі, а самае галоўнае –станоўчым эмоцыям ва ўсіх удзельнікаў. Кожны вучань мог праявіць сваю фантазію, артастызм, творчасць і веды, а праз гульню ў рабят выхоўваўся інтарэс да роднага краю і экалагічная культура.
Па выніках тыдня актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі.
Валянціна МАКУЦЬ,
настаўнік біялогіі
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна