На базе сярэдняй школы № 1 Полацка адбыўся ўрачысты старт гісторыка-адукацыйнага праекта “Полацкі рубеж”.
Прысвечаны Году гістарычнай памяці праект дае магчымасць падрастаючаму пакаленню пазнаёміцца з гераічнымі і самымі трагічнымі падзеямі ліпеня 1941 года, калі на лініях Полацкага ўмацаванага раёна вырашаўся лёс краіны. Ідэя, з якой нарадзіўся “Полацкі рубеж”, належыць старшыні Віцебскага абласнога савета дэпутатаў Уладзіміру Цярэнцьеву і намесніку старшыні Полацкага райвыканкама Святлане Валюшкінай.
У нашай школе сабраліся больш за 20 пошукава-даследчых атрадаў. Уладзімір Уладзіміравіч уручыў ім заданні, звязаныя з вывучэннем гісторыі стварэння і баявога прымянення ДАКаў Полацкага ўмацраёна, распрацоўкай турысцка-краязнаўчых адукацыйных маршрутаў, правядзеннем Вахт Памяці, добраўпарадкаваннем помнікаў і брацкіх пахаванняў воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны на тэрыторыі раёна.
Работа над запускам маштабнага праекта чакаецца вельмі сур’ёзная і працаёмкая. Сярэдняя школа № 1 Полацка ўжо 16 гадоў займаецца гэтай тэматыкай, назапашаны вялізны фактычны матэрыял пра збудаванні ўмацаванага раёна, месцы размяшчэння ДАКаў, баявыя дзеянні на лініях абароны Полацка ў ліпені 1941 года, пра герояў бітвы за Полацк. Наш школьны медыяцэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні гатовы да супрацоўніцтва і аказання любога віду дапамогі пошукавым атрадам раёна ў арганізацыі экспедыцый да ўмацаванняў, у нас гатовы картаграфічны матэрыял, гістарычныя даследаванні практычна ўсіх батальённых і ротных раёнаў абароны.
Пасля заканчэння ўрачыстай часткі навучэнцы і іх кіраўнікі маглі азнаёміцца з выставай сучаснай экіпіроўкі спецназа вайсковай часткі 5530, разгорнутай у спартыўнай зале. Самым цікавым “экспанатам”, а дакладней, удзельнікам выставы стаў службова-вышуковы сабака, які дапамагае нашым воінам у пошуку выбуховых рэчываў, наркатычных сродкаў, забароненых прадметаў. Нягледзячы на сур’ёзнасць гэтай работы, чатырохногі памочнік паказаў сябе вельмі ласкавай і прыязнай істотай, чым выклікаў усеагульнае шчырае захапленне.
А ў медыяцэнтры нашы хлопцы і кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах азнаёмілі высокіх гасцей з сістэмай работы цэнтра, напрамкамі работы, выставай экспанатаў, што прыцягваюць увагу экскурсантаў. Мы распавялі пра маршрут “Дарогамі спаленых вёсак” з дэманстрацыяй QR-кодаў, па якіх можна атрымаць інфармацыю пра аб’екты на маршруце, паходы і экспедыцыі па лініях Полацкага ўмацраёна з прэзентацыяй дзейнасці нашых пошукавых атрадаў.
Але найбольш, напэўна, здолелі ўразіць студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта: паказалі, як ствараюць віртуальную мадэль ДАКа.
Праца праведзена велізарная, і мы ўпэўнены, што гэты праект стане візітнай карткай не толькі нашай школы, але і раёна, вобласці. Сёння быў, напэўна, той дзень, калі інтарэсы ўсіх зацікаўленых асоб зліліся разам, і ў выніку атрымалася дзелавая і канкрэтная размова. Вялікую ролю ў рэалізацыі задуманага адыгралі вучоныя ПДУ.
Пасля заканчэння сустрэчы краязнаўца, даследчык, стваральнік і кіраўнік форума “Полацкі ўмацавальны раён” Уладзімір Камісараў уручыў нашым гасцям сваю першую кнігу з серыі “Полацкі ўмацавальны раён. Гісторыя і сучаснасць”.
Адным словам, дзень увайшоў у гісторыю Полаччыны як пачатак рэалізацыі цікавага і патрэбнага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Год гістарычнай памяці даў старт гэтаму пачынанню, і мы спадзяемся, што ўсё ў нас атрымаецца.
Вячаслаў ДЗЯМЕНЦЬЕЎ,
педагог дадатковай адукацыі
сярэдняй школы № 1 Полацка