Патрыятычнае свята “Мы дзеці твае, дарагая Беларусь”

- 10:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Асінаўшчызненскім яслях-садзе – пачатковай школе Смаргонскага раёна прайшло свята “Мы дзеці твае, дарагая Беларусь”. Школьнікі і выхаванцы дзіцячага садка спявалі песні, чыталі вершы, гулялі, танцавалі. І галоўнае, што адначасова яны бліжэй знаёміліся са сваёй Бацькаўшчынай, народам, роднай мовай.

Школьнікі на правах старэйшых дапамаглі выхаванцам дзіцячага садка разабрацца, што такое Радзіма, падзяліліся ведамі, якія самі атрымалі на вучэбных занятках. Найперш дзеці абмеркавалі, якімі якасцямі валодаюць сапраўдныя беларусы, чым наш народ адрозніваецца ад жыхароў краін-суседак. Хлопчыкі і дзяўчынкі паразважалі, з чаго для кожнага чалавека пачынаецца Радзіма. Адказваючы на гэта пытанне, дзеці ўзгадалі родны дом, маму і тату, бабулю і дзядулю.

Беларусы вядомы сваёй працавітасцю. А каб у полі працавалася весялей, нашы продкі спявалі песні. Адну з іх развучылі выхаванцы дзіцячага садка. Яны выступілі на свяце з народнай песняй-танцам “Ох, і сеяла Ульяніца лянок…” А пасля гэтага школьнікі пусціліся танчыць беларускую польку. Усе шчыра павесяліліся.

Вучні 2-га і 3-га класаў прачыталі на памяць вершы беларускіх паэтаў пра Радзіму. Гучалі ў зале і “Родныя вобразы” Якуба Коласа, і “Кліча вецер свежы” Эдзі Агняцвет, і “Няма даражэйшай зямлі” Васіля Жуковіча. А потым кожны мог паўдзельнічаць у віктарыне і паказаць свае веды пра Беларусь.

Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як праводзілі вольны час нашы продкі. Маленькія беларусы пагулялі ў народныя гульні “Гарачыя гаршчочкі”, “Гарлачык”.

Дзеці правялі час з карысцю: можна сказаць, адпачываючы, яны пашырылі веды пра Радзіму і сваіх продкаў. Магчыма, у гэта час у іх сэрцах прараслі зярняткі любові да роднага краю і людзей, якія жывуць побач.

 

Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий