Для вучняў 5–9-х класаў Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна ў шосты школьны дзень праведзена пазнавальная гадзіна «Знакамітыя выпускнікі школы».
Падчас мерапрыемства былі выкарыстаны матэрыялы стэнда «Аўтограф на карце роднай Беларусі». З тэматычных рубрык «Сваё імя ўпісалі ў гісторыю Радзімы», «Малая радзіма стала лёсам», «Учора вучань – сёння настаўнік нашай школы» вучні даведаліся пра выпускнікоў, якімі па праву ганарыцца школа.
Уважліва, з цікавасцю слухалі паведамленні пра Мікалая Рагачэўскага, кандыдата тэхнічных навук, Генадзя Яраша, падпалкоўніка медыцынскай службы, Вячаслава Зеня, кандыдата сельскагаспадарчых навук, Сяргея Сікора, майстра спорту Савецкага Саюза па класічнай барацьбе… З жыццём і творчасцю Івана Ламашкевіча, члена паэтычнага клуба “Натхненне”, вучні былі знаёмыя раней, так як у час выхаваўчых мерапрыемстваў гучалі яго вершы.
Тых выпускнікоў, для каго лёсам стала малая радзіма, вучні добра ведаюць – гэта іх аднавяскоўцы, людзі розных прафесій, якія праславіліся сваёй працоўнай дзейнасцю і карыстаюцца заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў. Гэта Марына Трахімік – загадчык Грынкаўскага ФАПа, дэпутат Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў, Лідзія Трахімік –цяпер на заслужаным адпачынку, узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы 2-й і 3-й ступені, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Іван Гінч – на заслужаным адпачынку, узнагароджаны ордэнам Пашаны.
Вучні пераканаліся, што са сцен Грынкаўскай школы выйшла шмат выпускнікоў, якія сталі знакамітымі не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. Падчас мерапрыемства вучням таксама была паказана відэапрэзентацыя «Выпускнікам Грынкаўскай школы», падрыхтаваная для выпускнікоў-юбіляраў 2022 года і наогул для ўсіх, хто вучыўся ў школе ў розныя часы, як напамін пра незабыўныя і самыя цудоўныя школьныя гады.
Марына САВОСЬКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна