Прафарыентацыйны тыдзень для бобравіцкіх дашкалят і школьнікаў  

- 12:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Бобравіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень прафарыентацыі. Класныя кіраўнікі і педагог-псіхолаг арганізавалі для навучэнцаў цікавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, экскурсіі, анкетаванне, трэнінгі.

У гэтым навучальным годзе педагогі ўстановы адукацыі зрабілі галоўны ўпор на правядзенне прафарыентацыйных экскурсій з мэтай азнаямлення навучэнцаў з прафесіямі, якія запатрабаваны ў нашым аграгарадку.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел як старшакласнікі, так і самыя малодшыя нашы навучэнцы – выхаванцы дашкольных груп, якія ў рамках экскурсіі наведалі сельскую бібліятэку. Бібліятэкар расказала юным наведвальнікам пра тое, для чаго патрэбна бібліятэка, а таксама распавяла пра сваю прафесію. Дашкольнікі ўбачылі, што ў кожнай кнігі ёсць свая “кватэрка” – тое месца на кніжным стэлажы, дзе яна павінна знаходзіцца, каб кожны чытач змог хутка і самастойна яе знайсці.

На вуліцы дзяцей чакала яшчэ адна сустрэча, на гэты раз з прафесіяй вадзіцеля. Затым па дарозе ў дзіцячы сад выхаванцы завіталі ў магазін, дзе ім расказалі пра прафесію прадаўца. А ў школьнай сталовай дашкольнікі даведаліся пра ролю повара.

Наведалі сельскую бібліятэку і аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы таксама навучэнцы 3–4-х і 7–8-х класаў. Экскурсія выклікала ў навучэнцаў масу станоўчых эмоцый. Школьнікі слухалі расказ бібліятэкара пра яе цікавую работу, пра навінкі, якія паступілі ў апошні час у бібліятэку. Бібліятэкар ведае ўсе назвы кніг і хутка можа знайсці неабходныя. Экскурсія станоўча паўплывала на ўражанні маленькіх чытачоў, а старэйшыя школьнікі змаглі выбраць для сябе кнігі, якія ім захацелася прачытаць.

Аграрныя прафесіі – таксама сярод тых, якія падабаюцца нашым навучэнцам. Вучнi 9–11-х класаў наведалi адмiнiстрацыйны будынак, у якім знаходзіцца мясцовы сельскагаспадарчы комплекс. Намеснiк дырэктара па iдэалагiчнай рабоце расказала вучням пра прафесіі сельскагаспадарчага профiлю i пра навучальныя ўстановы, дзе іх можна атрымаць. Вучнi пазнаёмiлiся з працай бухгалтара i заатэхнiка, эканамiста i юрыста, а таксама наведалі малочна-таварны комплекс і майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі.

У рамках тыдня прафарыентацыі для вучняў 9-га класа праведзены круглы стол з элементамі віктарыны “Лабірынт прафесій”, для навучэнцаў 11-га класа – трэнінгавы занятак “Прафесія: выбіраем разам”, занятак з элементамі трэнінгу “Разумны, паспяховы, усмешлівы” для навучэнцаў 8–10-х класаў.

Праведзеныя падчас тыдня прафарыентацыі мерапрыемствы садзейнічалі азнаямленню навучэнцаў з новымі і вядомымі прафесіямі, павышэнню цікавасці да прафесій.

 

Валянціна БАЯРЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Бобравіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий