Увесь тыдзень выхаванцы Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна знаёміліся з культурай, народнымі традыцыямі, працай беларусаў.
З дапамогай змястоўнага і цікавага нагляднага дапаможніка “Беларускі падворак” старшыя дашкольнікі пашыралі веды, а малодшыя фарміравалі ўяўленні пра працу сялян.
“Не адзенне – заглядзенне” – казалі ў народзе і мелі рацыю. Дзеці з цікавасцю знаёміліся з рознымі строямі беларускіх убораў. Атрыманыя веды выхаванцы замацоўвалі на занятках па мастацтве “Малюем тканіны”, “Упрыгажэнне вопраткі”.
Пра прадметы даўніны, якія ствараліся рукамі народных умельцаў, дашкольнікі даведаліся праз удзел у сюжэтна-ролевай гульні “Крама вырабаў”. Дзеці малодшага ўзросту ўпершыню пазнаёміліся з чароўнымі словамі “гляк”, “гладыш”, “збан”.
Без увагі не засталіся і творы беларускага народнага мастацтва: казкі, калыханкі, забаўлянкі. У другой палове дня выхаванцы з задавальненнем гулялі ў беларускія народныя гульні “Адгадай, чый галасок?”, “Пустое месца”. З дапамогай тэатра “жывой рукі” спрабавалі сябе ў ролі казачных героеў Коціка-варкоціка, Пеўніка-певуна і Лісы.
Самыя яскравыя і запамінальныя ўяўленні дашкольнікі атрымалі ад сустрэчы з батлейкай. Корнадзьская батлейка падобна на шафу з невялікімі дзвярыма. Адчыняеш дзверы – і глядач бачыць два ярусы, кожны з якіх мае прастору для ходу лялек. Што такое батлейка, дзецям дашкольнага ўзросту яшчэ трэба будзе даведацца. А вось лялькамі дашкольнікі зацікавіліся адразу, пачалі гуляць з імі і сыпаць рэплікамі, нібы чытаючы творчы пасыл ад прапрадзедаў.
– Гэта добры знак, – шчыра парадаваліся мы, выхавальнікі. – Відаць, патрэбную справу робім, добрае зерне сеем.
Людміла АНІСЕНЯ,
выхавальнік
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна