Гістарычны экскурс “Будзем жыць і будзем памятаць”

- 17:41ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках Года гістарычнай памяці вучні 9 “А” класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні здзейснілі гістарычны экскурс “Будзем жыць і будзем памятаць”.

Бадай што адна з найгалоўнейшых каштоўнасцей нацыі, тая аснова, што аб’ядноўвае сям’ю, род і ўвогуле ўвесь народ і краіну, – гэта гістарычная памяць. Каб ствараць будучае, трэба помніць мінулае. “У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без карэння не можа існаваць, ні тым больш прыносіць плады”, – сцвярджаў Уладзімір Караткевіч.

На класнай гадзіне “Будзем жыць і будзем памятаць” вучні зрабілі чарговы крок да нашай гістарычнай памяці. Падчас правядзення мерапрыемства разгадвалі віктарыну “Беларускі куток”, агучвалі ўласныя водгукі на творы ваеннай тэматыкі “Дзеля жыцця на зямлі”, чыталі вершы пра ваенныя подзвігі “Аб сябрах-таварышах”.

Асабліва кранальнымі былі паведамленні-ўспаміны пра ваенна-франтавыя гісторыі сваіх родных. Маргарыта Урбановіч згадала пра свайго прапрадзядулю Мірона Ісакавіча Канаваленку, які ваяваў у гады Першай сусветнай вайны. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён разам са сваёй жонкай Агрыпінай Аўдзееўнай пражывалі ў вёсцы Пераможац Гомельскай вобласці, дапамагалі атраду пад камандаваннем Каўпака, што падчас рэйду спыніўся ў гэтай вёсцы. Пасля таго, як атрад рушыў далей, немцы спалілі вёску разам з жыхарамі. А тых, хто збег, расстралялі…

Прапрадзядуля Вікторыі Бажко Аляксандр Андрэевіч Бабравіцкі родам з вёскі Жупраны Гродзенскай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў, быў паранены ў плячо. Вельмі любіў іграць на баяне, іграючы, праводзіў воінаў на вайну. А потым і сам далучыўся да іх. Да Берліна не дайшоў. Жывы вярнуўся дадому.

Асабіста я ўзгадала пра чалавека, які быў маім першым настаўнікам у пачатковай школе ў вёсцы Клідзеняты Смаргонскага раёна, ветэрана Уладзіміра Пятровіча Мускага. Пры нашых сустрэчах Уладзімір Пятровіч дзяліўся, што вельмі рады, што жыве ў незалежнай Беларусі, ганарыцца яе поспехамі. Бацька Уладзіміра Пятровіча ваяваў у Першую сусветную вайну, а сам ён – у Вялікую Айчынную, разам з баявымі таварышамі вызваляў Прыбалтыку і там сустрэў Перамогу. Удзельнічаў у шматгадовай барацьбе з лютым ворагам не толькі на фронце, але і ў тыле. Перад тым, як Уладзіміра Пятровіча прызвалі на службу ў армію, ён партызаніў, быў байцом партызанскай брыгады імя Суворава, якая размяшчалася на тэрыторыі нашага раёна. Пры жыцці Уладзімір Пятровіч узгадваў вызваленне Смаргоні, як праз Вілію перапраўляліся танкі, пяхота, у тым ліку і партызаны. Баі былі на тэрыторыі цяперашняй цэнтральнай раённай бальніцы і не толькі; было падбіта нямала савецкіх танкаў, іх бамбіла варожая авіяцыя.

…Мінаюць гады, усё меней застаецца відавочцаў, удзельнікаў страшных войнаў… І толькі ведаючы гісторыю, можна пабудаваць сваю будучыню. 

 

Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 9 “А” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий