Другі год у Рагозніцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Мастоўскага раёна працуе кабінет па асновах бяспекі жыццядзейнасці, у якім праводзяцца як вучэбныя, так і факультатыўныя заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы па бяспечных паводзінах і папярэджанні няшчасных выпадкаў.
У школе і сцены павінны вучыць. Гэтая думка, выказаная яшчэ В.А.Сухамлінскім, актуальная па сённяшні дзень пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Унікальнай асаблівасцю гэтага прадмета з’яўляецца яго высокае сацыяльнае значэнне і агульная выхаваўчая накіраванасць. Вучэбны прадмет АБЖ уключае ў сябе найбольш важныя кампаненты, якія адносяцца да фарміравання здаровага ладу жыцця, забяспечвае дбайнае стаўленне да свайго здароўя, выхоўвае з самага дзяцінства здольнасць гаварыць “не” шкодным звычкам.
Эфектыўнасць засваення навучэнцамі курса асноў бяспекі жыццядзейнасці шмат у чым залежыць ад таго, як арганізаваны і ажыццяўляецца адукацыйны працэс. У вывучэнні вядучая роля належыць вучэбна-практычнай дзейнасці вучняў. І тут немалаважную ролю адыгрывае матэрыяльна-тэхнічная база, перадавыя сродкі навучання.
Прыняўшы рашэнне абсталяваць кабінет, мы сыходзілі з асноўных сучасных патрабаванняў: адпаведнасць вучэбнай праграме і ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, магчымасць выкарыстання тэхнічных сродкаў навучання, забеспячэнне максімальнай нагляднасці, напаўненне дыдактычным матэрыялам.
Пры афармленні кабінета ў аснову пакладзены прынцып заніравання; аформілі такія зоны, як “Правілы пажарнай бяспекі”, “Правілы бяспекі ў лесе”, “Правілы паводзін на дарозе”, “Правілы паводзін на вадаёмах”. У кожнай тэматычнай зоне стэнды дапаўняюць дыдактычныя матэрыялы, макеты, іншая нагляднасць. Усё гэта нясе інфармацыйную нагрузку, што дазваляе ў час заняткаў прадэманстраваць вывучаемы матэрыял.
Працоўныя месцы настаўніка і вучняў абсталяваны ноўтбукамі, пры неабходнасці выкарыстоўваецца тэлевізар. Наяўнасць камп’ютарнай тэхнікі дазваляе паказваць навучальныя фільмы, прэзентацыі, захоўваць базу даных электронных сродкаў навучання.
Падключаная кропка доступу Wi-Fi дазваляе свабодна выходзіць на навучальныя сайты. Для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў мы шырока выкарыстоўваем электронныя рэсурсы, размешчаныя на вэб-сайтах Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, што дазваляе вучням атрымліваць навыкі і глыбокія тэарэтычныя веды, каб прыняць правільныя рашэнні для выхаду з экстрэмальных і надзвычайных сітуацый. Напрыклад, пры вывучэнні раздзела “Навакольнае асяроддзе і бяспека” педагогі выкарыстоўваюць відэаролікі з раздзела мультымедыйных матэрыялаў МНС “Чароўная кніга МНС”, “Правілы паводзін на вадаёмах”, пры вывучэнні тэмы “Правілы бяспекі ў доме, кватэры” выкарыстоўваецца навучальная гульня “Мой бяспечны дом”. У вучняў, якія маюць тэлефоны сістэмы Android, усталяваны мабільны дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач”.
Для вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі аформлена ўмоўная “дарога з пешаходным пераходам”, светлафорам. Тут размясціліся дарожныя знакі і розныя віды спецыяльнай тэхнікі, што дапамагае пры вывучэнні тэарэтычнага матэрыялу ў гульнявой форме ствараць вучэбныя сітуацыі. У дзяцей ёсць магчымасць стаць інспектарам дарожнага руху, рэгуліроўшчыкам і нават вадзіцелем, які парушыў правілы. Гэта выпрацоўвае практычныя навыкі бяспечных паводзін на дарозе.
Вучэбны кабінет з’яўляецца і метадычным цэнтрам, у якім сабраны вучэбная, метадычная літаратура, раздатачны матэрыял па тэмах. За апошні перыяд вывучаны і абагулены вопыт работы нашых педагогаў па розных накірунках дзейнасці: “Фарміраванне вопыту бяспечных паводзін у малодшых школьнікаў з незнаёмымі людзьмі пры дапамозе мадэліравання гульнявых сітуацый”, “Праца класнага кіраўніка і педагога сацыяльнага па забеспячэнні бяспекі вучняў у адукацыйным працэсе” і іншыя.
Асаблівую цікавасць у дзяцей і дарослых выклікае выстава вучнёўскіх работ – пераможцаў раённага, абласнога этапаў конкурсу “Юны ратавальнік”, экспанаты якога з’яўляюцца нагляднасцю пры вывучэнні прадмета.
Пра ўзровень і якасць ведаў нашых вучняў па вучэбным прадмеце “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” сведчаць іх перамогі ў раённым этапе конкурсу “Школа бяспекі” на працягу трох апошніх гадоў: да прыкладу, у 2020 годзе заваявана тры дыпломы І ступені вучнямі розных узроставых груп. Адпаведна ў кабінеце назапашана дастаткова матэрыялаў для якаснай падрыхтоўкі да конкурсу.
Няма сумненняў у тым, што прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” будзе цікавым і карысным для вучняў, калі правільна падысці да яго арганізацыі і стварыць адпаведныя ўмовы. І тут роля прадметнага кабінета відавочная. Таму лічым, што абсталяваны кабінет у Рагозніцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе дапамагае педагогам сфарміраваць неабходныя практычныя навыкі самаабароны ў навучэнцаў, навучанне зрабіць эфектыўным і займальным для дзяцей, а галоўнае – выхоўваць адказнасць за сваё жыццё і здароўе блізкіх.
Антаніна ЛУДЗІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рагозніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Мастоўскага раёна