У 6 “В” класе сярэдняй школы № 7 Смаргоні прайшло пазакласнае мерапрыемства патрыятычнай накіраванасці “Дасягненні вялікіх князёў літоўскіх”. Шасцікласнікі пазнаёміліся з дасягненнямі Міндоўга, Гедыміна і Вітаўта.
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Раман Айрапецян нагадаў вучням, чаму трэба ведаць гісторыю сваёй Айчыны:
– Менавіта гісторыя робіць жыццё асобнага грамадзяніна ўсвядомленым. Гісторыя нас вучыць разважлівасці, мудрасці, выхоўвае любоў да Радзімы. Калі чалавек не будзе ведаць свайго мінулага, ён не зможа выбудаваць сваю будучыню.
Пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, пра князя Міндоўга сваім аднакласнікам распавёў Дзмітрый Дубенка. Разгледзеўшы пячатку Міндоўга, дзеці прыйшлі да высновы, што ўтварэнне ВКЛ мае вялікае значэнне для гісторыі Беларусі. Бо першапачатковы этап узнікнення гэтай дзяржавы ўтоены ў тумане часу. А час утварэння ВКЛ – дакладная дата, якую ніхто не падвяргае сумневу.
Ад Арцёма Таргонскага шасцікласнікі даведаліся пра вялікага князя Гедыміна, які насіў еўрапейскі тытул “Rex” (кароль), прымаў хрысціянства, вёў перапіску з Папам Рымскім. Менавіта пры Гедыміне большасць беларускіх зямель увайшла ў склад ВКЛ. Гэты працэс ішоў мірным дыпламатычным шляхам, шляхам заключэння шлюбаў, а таксама пры дапамозе ваенных дзеянняў.
Поспехі знешняй палітыкі князя Вітаўта, які пашырыў тэрыторыю ВКЛ ад чорнага да Балтыйскага мора, асвятліў Радзівон Вержынскі.
Мерапрыемства прайшло лёгка, захоплена, закрануўшы кожнага вучня, нагадаўшы дзецям пра сэнс слоў “гісторыя” і “Радзіма”.
Юлія БЕЛАКАПЫТАВА,
класны кіраўнік 6 “В” класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні