У 3-м класе Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна адбылася класная гадзіна-разважанне “Што такое адказнасць?”, мэтай якой было фарміраванне ўяўленняў пра сацыяльна-значныя правілы і нормы паводзін у грамадстве.
Каб акцэнтаваць увагу вучняў на тэме класнай гадзіны пачалося мерапрыемства з гульні “Падары ўсмешку сябру” пад музыку ўсім знаёмай песні “Пра дружбу”. А ключавое пытанне, на якое павінны былі адказаць вучні: “Калі ўзнікае пачуццё адказнасці?”
Пачалася размова пра памылкі, якія можна выправіць і якія немагчыма. Дзеці называлі жыццёвыя прыклады памылак і разважалі, як іх можна выправіць. Адзначалі, што для прызнання сваіх памылак патрэбна сапраўдная мужнасць, і такі крок могуць зрабіць толькі людзі з моцным характарам. Трэцякласнікі адзначылі, што такія рысы характару, як непаслухмянасць, даверлівасць, жаднасць іншы раз прыводзяць герояў казак да няправільных дзеянняў і непапраўных наступстваў. Вучні каменціравалі розныя сітуацыі, вызначалі, хто з герояў паступае адказна, а хто не.
Успомнілі апавяданне Мікалая Носава “На горцы”, дзе галоўны герой Коцька замест таго, каб выйсці дапамагчы аднагодкам зрабіць горку, проста разбурыў яе, калі дзеці пайшлі дадому на абед. У выніку вызначылі, што Коцька ўсё ж панёс пакаранне за свае дзеянні, так як героі апавядання заставілі яго зрабіць горку па-новаму. Вучні зрабілі выснову, што калі Коцька паступае безадказна, такія ўчынкі ўздзейнічаюць не толькі на яго, але і на іншых дзяцей.
На працягу класнай гадзіны вучні працавалі ў групах, вучыліся выбіраць правільны адказ з некалькіх варыянтаў і тлумачыць свой выбар.
На класнай гадзіне прысутнічалі бацькі школьнікаў. У сваім выступленні мама Станіслава Аляксеева сказала: ”Калі вы былі зусім маленькімі, то вашы дзеянні ў многім залежалі ад нас, бацькоў. Зараз вы паступова становіцеся самастойнымі і адказнымі. Калі вы будзеце паступаць дрэнна, то і другія будуць паступаць таксама ў дачыненні да вас”.
Напрыканцы мерапрыемства вярнуліся да пытання, якое было вызначана ў пачатку класнай гадзіны. І тут дзеці прыйшлі да сумеснай высновы: ”Чалавек не можа адказваць за ўсё, але за свае ўчынкі павінен адказваць кожны”.
Я вельмі спадзяюся, што вучні, ужо пачынаючы з малодшага ўзросту, будуць вучыцца прымаць на сябе адказнасць за свае ўчынкі, зробяць для сябе адпаведныя вынікі і класная гадзіна не пройдзе дарма.
Таццяна ЖЫЗНЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна