Ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна праведзены тыдзень пазакласнай работы для вучняў 1–4-х класаў пад дэвізам “Па лесвіцы ведаў мы будзем ісці, чаму навучыліся – павінны паказаць”.
З велізарным задавальненнем удзельнічалі школьнікі ў розных мерапрыемствах у межах правядзення тыдня. Яны майстравалі, фантазіравалі, малявалі, былі ўдзельнікамі віртуальных экскурсій.
Кожны дзень тыдня быў прысвечаны пэўнай тэме. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікаў дзень роднай мовы, у межах якога была праведзена літаратурная гасцёўня “Родная мова, як ты выдатна!” Вучні пазнаёміліся з творамі вуснай народнай творчасці, прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Любі і ведай родную мову”. Жанна Антановіч правяла інтэлектуальную гульню “Падарожжа ў свет слоўнікавых слоў”, падчас якой дзеці спаборнічалі ў выразным чытанні, выказваннях пра родную мову, працавалі з арфаграфічным слоўнікам, ілюстравалі веданне і правапіс слоўнікавых слоў. Усе праведзеныя мерапрыемствы спрыялі развіццю ў вучняў цікавасці да вывучэння роднай мовы.
Дзень экалогіі прайшоў пад дэвізам “Наперад, Знайкі!” Мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне пачуцця адказнасці за лёс роднай зямлі, беражлівыя адносіны да прыроды, павагі да ўсяго жывога. Алена Шакуля правяла конкурс “Знаўцы навакольнага свету”. Дзеці засвоілі, што трэба навучыцца берагчы нашу зямлю, жыць у міры паміж сабой і прыродай, не засмечваць і беражліва выкарыстоўваць яе. Вучні адправіліся ў віртуальную экскурсію па запаведніках Беларусі. Творчыя і інтэлектуальныя заданні садзейнічалі пашырэнню ведаў школьнікаў пра заказнікі і нацыянальныя паркі. У выніку віртуальнай экскурсіі дзеці стварылі плакат “Запаведнікі Беларусі”.
Пазнавальным стаў дзень матэматыкі, які прайшоў пад дэвізам “Думай, лічы, адгадвай”. Для вучняў была праведзена інтэлектуальная “Свая гульня”, у ходзе якой дзеці актыўна выконвалі цікавыя матэматычныя заданні, разгадвалі рэбусы, рашалі “Вясёлыя задачы”, збіралі карцінкі з геаметрычных фігур.
Самым запамінальным стаў дзень літаратурнага чытання “Чытай, думай, расказвай!”. Для вучняў была створана магчымасць намаляваць малюнкі на тэму “Мой любімы казачны герой”, а асобныя эпізоды з літаратурных твораў дзеці інсцэніравалі пры дапамозе інтанацыі, жэстаў і мімікі.
Завяршыўся тыдзень урачыстай лінейкай, на якой былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя навучэнцы.
Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна