Cустрэча школьнікаў з воінамі-інтэрнацыяналістамі  

- 11:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Ніхто не забыты і нішто не забыта” − пад такім дэвізам 15 лютага прайшла сустрэча ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна ў рамках грамадзянска-патрыятычнай дэкады “Афганістан у лёсах нашых землякоў” з воінамі-інтэрнацыяналістамі, нашымі землякамі Віктарам Грыцам і Мікалаем Свістуном.

Фармат сустрэчы “Побач, вочы ў вочы” дазволіў навучэнцам з трапятаннем разгледзець баявыя ўзнагароды воінаў-інтэрнацыяналістаў, убачыць іх хваляванне, а часам і слёзы тут і цяпер, а не дзесьці далёка на сцэне або на экране тэлевізара. Сустрэча больш нагадвала шчырую гутарку пра юнакоў, якія апынуліся ў нечалавечых умовах, але з Божай дапамогай збераглі сваю душу. У той час яны былі ненашмат старэйшымі хлопцаў, якія прысутнічалі на сустрэчы. З першых хвілін сфарміравалася атмасфера трапяткога і ўдумлівага ўсведамлення пачутага. Падлеткі з цікавасцю слухалі ўспаміны людзей, якія прайшлі афганскую вайну і сталі сведкамі тых падзей. Нават паветра, здавалася, было насычана пакутамі і болем той вайны.

Навучэнцы актыўна задавалі пытанні, а госці распавядалі дзецям пра цяжкасці салдацкага жыцця, ваенныя будні і гераізм простых маладых салдат.

– У першы ж дзень мы трапілі пад абстрэл, – дзеліцца ўспамінамі М.М.Свістун, які служыў у горадзе Джэлалабадзе ў 66-й асобнай мотастралковай брыгадзе і выконваў абавязкі кіроўцы БТР. – Часу на асэнсаванне таго, што адбылося, у нас не было. Трэба было хутка адаптавацца, вучыцца жыць і выжываць у новых умовах.

У той далёкай краіне асаблівую каштоўнасць набывала сяброўства. Яно ўключала ў сябе і ўзаемадапамогу, і воінскае братэрства.

– Там праходзілі службу прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Мы і цяпер з многімі падтрымліваем сувязь, маем зносіны, і гэта вельмі прыемна, – адзначыў В.І.Грыц, які ў Афганістане выконваў абавязкі кіроўцы БТР з 1986 па 1988 гады.

Воіны-інтэрнацыяналісты падзяліліся з удзельнікамі сустрэчы, што за 33 гады не было ніводнага дня, каб успаміны не вярталі ў тую вайну. Афганістан усё яшчэ баліць у душы, пячэ сэрца горкай памяццю.

У гэты дзень усе прысутныя хвілінай памяці ўшанавалі памяць нашага земляка Івана Прохара. Ён загінуў 21 сакавіка 1980 года, як герой, на зямлі Рэспублікі Афганістан у раёне горада Джэлалабада. За мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу, Іван Іванавіч Прохар пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Наша піянерская дружына з гонарам носіць яго імя.

Радзіма − самае дарагое, што ёсць у чалавека. Кожны малады чалавек павінен умець абараняць яе, а таму павінен прайсці службу ў войску. Не баяцца гэтага этапа ў сваім жыцці і быць патрыётамі сваёй краіны пажадалі госці мерапрыемства прысутным юнакам. Калі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны засталося вельмі мала, эстафету прымаюць воіны-інтэрнацыяналісты, якія ведаюць пра цяжкія ваенныя падзеі не па чутках. Як адзначыў Мікалай Мікалаевіч, дзякуючы перамозе нашых продкаў мы жывем у мірнай квітнеючай краіне, мы проста абавязаны помніць і перадаць наступным, якой дарагой стала Перамога для нашых суачыйннікаў.

У канцы мерапрыемства навучэнцы і настаўнікі падзяліліся сваімі думкамі, пачуццямі, павіншавалі воінаў-афганцаў з 33-й гадавінай вываду савецкіх войска з Афганістана.

– Для нашага пакалення вельмі важна ведаць пра тых далёкія падзеі, вынесці ўрокі той вайны. Мы адчуваем гонар за нашых землякоў, якія з гонарам выканалі свой воінскі абавязак, – падзялілася сваімі думкамі навучэнка 10-га класа Вікторыя Кудлаш.

 

Карына КАСІКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий