У Лелюкінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень гісторыі і грамадазнаўства. Навучэнцы школы прынялі актыўны ўдзел у запланаваных тэматычных мерапрыемствах.
Сярод вучняў 5-га класа прайшоў конкурс малюнкаў “Старажытная Грэцыя”, навучэнцы 5–7-х класаў змаглі здзейсніць віртуальнае падарожжа па сваёй малой радзіме, праглядзеўшы відэафільм “Легенды і паданні роднага краю”, а зборныя каманды 8–11-х класаў паказалі свае добрыя веды ў тэматычнай інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”.
Навучэнцы 4-га класа атрымалі магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з падзеямі старажытнай гісторыі Беларусі падчас правядзення гістарычнай гадзіны “Падарожжа ў мінулае”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра арганізацыю археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі і змаглі ўбачыць і нават патрымаць у сваіх руках каменную сякеру, якой карысталіся нашы далёкія продкі.
Таксама на працягу тыдня праходзілі такія мерапрыемствы, як віктарына “Пазнай асобу”, конкурс сачыненняў “Нашыя славутыя землякі”, конкурс гістарычных фотазагадак “Краіны ўчора і сёння”, прававы альманах “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь”.
Правядзенне прадметнага тыдня садзейнічала пашырэнню і паглыбленню ведаў вучняў па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі” і “Грамадазнаўства” і цікавасці да гістарычнага мінулага Беларусі і краін свету.
Андрэй ВАЎЧОК,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Лелюкінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна