У 4-м класе Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшла класная гадзіна “За любімую Беларусь”.
Пачалося мерапрыемства з верша Анатоля Грачанікава “Беларускія краявіды”. Праслухаўшы яго, навучэнцы сталі разважаць, што такое радзіма, што чалавек лічыць сваёй радзімай, з чаго яна пачынаецца. Далей хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім захапленнем пачалі падарожжа па станцыях “Складзі словы”, “Прыказкі пра радзіму”, “Сімвалы нашай Рэспублікі”, “Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі”, дзе яшчэ раз паўтарылі і замацавалі свае веды.
Затым вучні здзейснілі завочнае падарожжа па шасці абласцях краіны, вызначылі, чым яны характэрныя, а яшчэ даведаліся шмат цікавага пра беларускія народныя рамёствы, палюбаваліся выцінанкай і беларускай вышыўкай, вырабамі з саломкі, лазы, керамікі. Замацавалі свае веды разгадваннем красворда.
Далей дзеці трапілі на станцыю «Беларусь спартыўная». Тут яны пазнаёміліся з сучаснымі спартыўнымі дасягненнямі рэспублікі, абмеркавалі дасягненні беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе, якая праходзіць у Пекіне. Таксама быў зроблены акцэнт на спартыўных дасягненнях навучэнцаў школы.
У фінале мерапрыемства школьнікі праглядзелі відэаролік пра родную краіну, усе разам праспявалі песню “Любімую не аддадзім” і намалявалі слоўны партрэт любімай, прыгожай, сінявокай Беларусі.
Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна