21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З нагоды гэтага свята вучні 7 “Г” класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні наведаліся ў філіял гарадской бібліятэкі № 1.
У бібліятэцы школьнікам прапанавалі акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як яна гучыць у выкананні дзяцей. Вучні чыталі вершы Юрася Свіркі, Ніла Гілевіча, Петруся Броўкі пра беларускую мову. Сямікласнікам вельмі спадабалася адгадваць загадкі-жарты. На працягу ўсяго свята навучэнцы ўважліва слухалі, спрабавалі адказваць на ўсе пытанні. Напрыканцы мерапрыемства дзеці з вядучымі ўстанавілі дзесяць запаведзей пра мову, якія павінен ведаць кожны чалавек.
Дзень роднай мовы – асаблівы дзень для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная.
Вікторыя ПАДЛЯШЧУК,
класны кіраўнік 7 “Г” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні