Вучні 7 “Б” класа сярэдняй школы № 3 Смаргоні наведалі музей-сядзібу Францішка Багушэвіча “Кушляны”.
На адкрытай верандзе драўлянай хаты, упрыгожанай ажурнай разьбой, гасцінна прывітаў вучняў і запрасіў на экскурсію таленавіты паэт Алесь Жамойцін – цяперашні загадчык музея-сядзібы ў Кушлянах. Навучэнцы прайшлі па пакоях, якія памятаюць крокі даўнейшага гаспадара – Францішка Багушэвіча. Алесь Пятровіч пранікнёна распавёў пра жыццёвы і творчы шлях паэта.
Сямікласнікі даведаліся, што ў кожным з шасці пакояў – асобная экспазіцыя. Два з іх – мемарыяльныя: гасціная і рабочы кабінет, у якіх размешчаны рэчы былога гаспадара.
На сценах літаратурных пакояў побач са скрыпкай і дудкай беларускай экспануюцца фотаздымкі, копіі дакументаў, радавод Багушэвічаў, выданні класіка, у тым ліку “Смык беларускі”, ”Дудка беларуская” і іншыя каштоўныя матэрыялы.
Цікава было даведацца, што тут здымалі адну з серый знакамітага кінафільма “Снайпер”. Можна сцвярджаць, што сядзіба Багушэвічаў – тыповы ўзор шляхецкай сядзібы XIX cтагоддзя, які прываблівае кінематаграфістаў.
Навучэнцы былі ў захапленні ад пазнавальнай экскурсіі і шчыра дзякавалі Алесю Жамойціну за цікавы аповед. А адна з дзяўчынак падзялілася сваімі эмоцыямі: “Я не вельмі хацела ехаць, але мне тут так спадабалася, што абавязкова зноў прыеду сюды з бацькамі!” Гэта значыць, што дзецям неабыякава гістарычнае мінулае свайго роднага краю.
Алена МАРКЕВІЧ,
класны кіраўнік 7 “Б” класа
сярэдняй школы № 3 Смаргоні