Спартыўнае свята “А ну-ка, хлопцы!”

- 14:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна для навучэнцаў адбылося спартыўнае свята “А ну-ка, хлопцы”, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

На старт выйшлі дзве зборныя каманды: “Граніца на замку” і “Зялёныя пагоны”. У кожнай камандзе прысутнічалі запрошаныя на свята ваеннаслужачыя пагранічнага паста “Забалаць”.

Праграма спаборніцтваў была даволі насычанай. Першым заданнем было прадстаўленне каманд. Яно было забіяцкім і рыфмаваным. Наступны конкурс “Стройся” заключаўся ў тым, што хлопчыкам трэба было пастроіцца спачатку як салдаты, а затым па алфавіце. Гэты этап выклікаў шмат усмешак, бо ўдзельнікі пачалі ўспамінаць алфавіт і не ва ўсіх гэта атрымалася.

Затым камандам былі прапанаваны вельмі няпростыя конкурсы з бегам, скачкамі, поўзаннем, дзе трэба было праявіць трапнасць і спрыт. У спаборніцтве “Бульба ў лыжцы” патрэбна было перанесці тэнісны шарык так, каб ён не вываліўся з чайнай лыжкі, а ў заданні “Баба-Яга” кожны член каманды павінен быў у ступе прабегчы зададзеную адлегласць. Вядучымі былі прапанаваны конкурсы і на кемлівасць. Напрыклад, з дапамогай азбукі Морзэ расшыфраваць, дзе знаходзіцца штаб.

Спартыўны запал і жаданне перамагчы захоплівалі каманды настолькі, што яны не заўважалі таго, што адбываецца вакол. Усе стараліся прыйсці да фінішу першымі. Падчас спаборніцтваў дзяўчынкі кожнага класа паказвалі нумары мастацкай самадзейнасці, віншавалі хлопчыкаў з надыходзячым святам.

Самым цікавым конкурсам на думку прысутных была “Рэпка”. Удзельнікі каманд вызначыліся, хто кім будзе і выбралі рэпку, якую зусім незвычайным спосабам выцягвалі Дзедка, бабка, унучка, Жучка, кошка і мышка. Галоўнае было цягнуць рэпку ўсім разам, не разгубіўшы каманду.

Свята прайшло на адным дыханні. З самага пачатку і да апошняй хвіліны спаборніцтваў вакол панавала святочная атмасфера. На працягу ўсяго мерапрыемства гучала бадзёрая музыка пра пагранічнікаў, армію. Удзельнікі спаборнічалі, і кожны член каманды імкнуўся прынесці як мага больш балаў у агульную скарбонку. У кагосьці гэта атрымлівалася лепш, у кагосьці не вельмі, але ўсе навучэнцы выглядалі вельмі годна. Гледачы ў сваю чаргу пільна сачылі за ходам падзей і вельмі “гучна перажывалі” за сваіх ігракоў.

Гульня скончылася, і журы абвясціла вынік. Перамагло сяброўства, а хлопцы зразумелі: каб заваяваць перамогу, мала быць проста фізічна моцным. Неабходна пры гэтым валодаць дастатковай мэтанакіраванасцю, сілай волі, быць арганізаваным і сабраным, спрытным і знаходлівым.

Спаборніцтвы сталі сапраўдным святам спорту, здароўя і юнацтва!

 

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий