Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе

- 17:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта” – пад такім дэвізам ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Стала добрай традыцыяй у рамках тыдня беларускай мовы праводзіць акцыю “Размаўляй па-беларуску”, у якой прымаюць удзел і настаўнікі, і вучні ўстановы адукацыі. На працягу ўсяго тыдня размаўляем адно з адным толькі на роднай мове: і на перапынках, і ў сталоўцы, і ў спартыўнай зале. Тыдзень яшчэ працягваецца, але ў школе прайшло ўжо шмат цікавых мерапрыемстваў. Вучні 3–5-х класаў прадставілі на конкурс “Мой сшытак – мой твар” свае сшыткі па беларускай мове, вучні 6–8-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе фотаздымкаў “Радзіма. Бацькаўшчына. Айчына”. Падлеткі галасуюць за самыя прыгожыя радкі пра каханне, па партрэтах вызначаюць аўтараў гэтых вершаў, самі спрабуюць працягнуць фразу “Каханне – гэта…”

Навучэнцы прынялі ўдзел у гульні-віктарыне “Любіце, ведайце і шануйце родную мову!” Чэлендж “Далучы сваю далонь” аб’яднаў дзяцей і дарослых. Кожны ўдзельнік напісаў шчырыя словы на беларускай мове і размясціў на плакаце.

У кабінеце беларускай мовы сабраліся лепшыя чытальнікі беларускіх вершаў. Гучалі творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Паўлюка Труса.

Самае яркае мерапрыемства тыдня – квест-гульня “Беларуская скарбонка”. Дзве каманды прадэманстравалі сваё веданне мовы і літаратуры, паказалі, як ведаюць народныя святы, традыцыі і гісторыю беларускага народа.

Заканчваецца тыдзень напісаннем абласнога дыктанта і падвядзеннем вынікаў. Хацелася б, каб беларускай мове надавалася столькі ўвагі не адзін тыдзень у год, а каб матчына слова гучала ў нашым жыцці кожны дзень.

 

Аксана ЦЕРАХОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий