У школьную суботу – дзень роднай мовы

- 20:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Грынкаўскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна пачаўся тыдзень беларускай мовы, адкрыццё якога адбылося ў школьную суботу днём роднай мовы.  

Для вучняў 1–4-х класаў прайшла пазнавальная гульня “Мова родная, цудоўная”. У пачатку мерапрыемства вучні разгадалі красворд з ключавым словам “МОВА”. Выконваючы розныя заданні, школьнікі ўспомнілі і прадоўжылі беларускія прыказкі, растлумачылі іх сэнс. Па пачатковых радках з вершаў беларускіх паэтаў узнавілі раней вывучаныя вершы і выразна іх прачыталі. Самым цікавым было заданне па малюнках распазнаць герояў беларускіх народных казак. А закончылася гульня выкананнем беларускай песні “Рэчанька”.

Навучэнцы 5–9-х класаў сабраліся на турнір “Знаўцы беларускай мовы”. У конкурсных выпрабаваннях, дзе патрэбна было паказаць веданне беларускай мовы, удзельнічалі дзве каманды: “Разумнікі” і “Лінгвісты”. У першым конкурсе “Размінка” камандам былі прапанаваны лінгвістычныя заданні. Падчас другога конкурсу “Перакладчыкі” перакладалі з рускай на беларускую мову назвы вопраткі. У трэцім конкурсе “Фразеалагізмы” з частак складалі фразеалагізмы, якія вобразна характарызуюць з’яву ці чалавечы характар. Гэтае заданне было самым складаным, але школьнікі справіліся з ім. Наколькі добра вучні ведаюць беларускі алфавіт паказаў конкурс “Расшыфруй прыказку”. Каб разгадаць зашыфраванае выказванне, трэба было суаднесці лічбу і літару алфавіта. Удзельнікам каманд давялося стаць шыфравальшчыкамі, каб разгадаць павучальную фразу “Усяму пачатак – родная мова”. Самых кемлівых выявіў апошні конкурс “Загадкі з вясёлай хаткі”. Турнір скончыўся перамогай каманды “Разумнікі”.

Мерапрыемствы былі накіраваны на выхаванне ў вучняў пачуцця любові і павагі да роднай мовы, садзейнічалі фарміраванню грамадзянска-патрыятычных якасцей, развіццю творчых здольнасцей школьнікаў.

 

Наталля РУСАК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий