Адчулі смак беларускага слова падчас напісання абласнога дыктанта  

- 15:10ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Гродзенскі абласны дыктант у Міжнародны дзень роднай мовы арганізавалі для ўсіх жадаючых галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

“Родная мова нам павінна быць галоўнай асновай і агульнай нашай адукаванасці, і адукацыі кожнага з нас”, – пісаў паэт, гісторык, крытык, грамадскі дзеяч Пётр Вяземскі. Сапраўды, адукацыя не заканчваецца з атрыманнем атэстата або дыплома. Самаразвівацца, самаўдасканальвацца чалавек можа і павінен на працягу ўсяго свайго жыцця.

Напісанне Гродзенскага абласнога дыктанта ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы – гэта выдатная магчымасць не толькі папулярызаваць беларускую мову, удасканаліць веды па ёй, але і праверыць узровень пісьменнасці яго ўдзельнікаў.

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні абласны дыктант напісалі педагогі, работнікі, бацькі вучняў, грамадскасць – усяго 19 чалавек. З гэтай мэтай у школьнай бібліятэцы на вялікім перапынку дэманстраваўся відэаролік з прафесійным прачытаннем тэксту пад назвай “Музей паэта”.

Пасля напісання дыктанта “вучні” мелі магчымасць праверыць і ацаніць сваю работу. Найлепшы вынік атрымаўся ў сакратара па вучэбнай рабоце школы Святланы Аўгусціновіч.

Дзелячыся ўражаннямі, удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што змест тэксту быў цікавым і актуальным, але разам з тым і складаным па правапісе і пунктуацыі. Падчас напісання дыктанта дарослыя адчулі асалоду ад магчымасці вярнуцца ў дзяцінства і хваляванне, а недзе нават і страх, каб не зрабіць памылку. Бацькі вучняў прызналіся, што, пішучы дыктант, зразумелі сваіх дзяцей і цяпер лішні раз падумаюць, перш чым асуджаць іх за дрэнную адзнаку.

Удзел у напісанні абласнога дыктанта дапамог дарослым не толькі ўзнавіць свае веды па арфаграфіі і пунктуацыі, але і адчуць смак беларускага слова.

 

Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий