Дзень роднай мовы ў яслях-садзе аграгарадка Геранёны

- 17:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў яслях-садзе аграгарадка Геранёны арганізаваны тэматычныя мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы.

Падчас правядзення тэматычнага дня падрыхтавана выстава кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей у кніжным кутку кожнай узроставай групы. Выхаванцы падарожнічалі “Па старонках роднай мовы” праз розныя віды дзіцячага фальклору – вершаванага, празаічнага, гульнявога, музычнага. Яны мелі магчымасць убачыць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа.

Выхавальнік старшай групы арганізавала цікавую віртуальную экскурсію-падарожжа “Мой край завецца Беларуссю”. Завочна падарожнічаючы па гарадах Беларусі, дзеці знаёміліся з прыгожымі легендамі пра гарады і параўноўвалі іх ранейшае аблічча з сучасным. Дашкольнікі атрымалі магчымасць паглыбіць свае веды пра Беларусь, славутых землякоў і вядомыя мясціны. А яшчэ яны наведалі выставу прадметаў вясковага побыту і прылад працы, якая арганізавана ў дашкольнай установе.

Выхаванцы сярэдняга ўзросту паказалі свае веды ў беларускай паэзіі: чыталі вершы і спявалі песні на роднай мове. Але не толькі ў паэзіі дзеці праявілі сябе добрымі знаўцамі беларускай мовы. Напрыклад, у спецыяльнай групе выхавальнікі разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”. Дзеці з захапленнем ужываліся ў вобразы казачных персанажаў, з задавальненнем выконвалі ролі.

Для павышэння кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях развіцця ў дзяцей маўленчых зносін на роднай мове, педагогамі падрыхтаваны інфармацыйныя буклеты, у якіх размешчаны практычныя парады, якія кнігі на беларускай мове можна прачытаць дзецям у вольны час. Буклеты аформлены ў займальнай форме і не патрабуюць шмат часу на пошук патрэбнай інфармацыі, дастаткова скарыстацца тэлефонам з праграмай для чытання QR- кодаў.

А самае галоўнае – беларуская мова ў яслях-садзе гучыць у групах не толькі на занятках, але і ў паўсядзённым жыцці. Дзеці з цікавасцю выказваюць свае думкі на роднай мове, ведаюць шмат вершаў, калыханак, гульняў, лічылак. Такім чынам, далучаючы выхаванцаў да багацця беларускай мовы, мы пашыраем слоўнікавы запас, фарміруем каштоўныя адносіны да яе, выхоўваем пачуццё гонару за родную мову.

 

Марына АЛАБІНА,
загадчык ясляў-сада аграгарадка Геранёны
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий