Навагрудскія школьнікі спрабавалі “на смак” беларускую мову

- 14:30ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 Навагрудка з’яўляецца яркай і запамінальнай падзеяй.

Да гэтага мерапрыемства з хваляваннем рыхтаваліся як настаўнікі, так і вучні. На адкрыцці тыдня роднай мовы вучні пазнаёміліся з планам мерапрыемстваў, сталі ўдзельнікамі акцыі “Смак беларускай мовы”. Вучням і настаўнікам прапанавалася пакаштаваць “на смак” беларускую мову. Каб зацікавіць вучняў і выклікаць жаданне прыняць удзел у тыдні, у гэты дзень была арганізавана кніжная выстава “Чытаем кнігі разам”. Вучні з цікавасцю знаёміліся з пісьменнікамі-юбілярамі і іх творамі. Акцыя “Фізкультхвілінкі па-беларуску” аб’яднала ўсю школу, настаўнікі-прадметнікі праводзілі іх на сваіх уроках. Стартаваў анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы” (конкурс фотаздымкаў), у ім прынялі ўдзел тыя вучні, хто ўмее не толькі бачыць прыгажосць, але і зафіксаваць гэтыя імгненні на фота. Умець бачыць – таксама талент.

На працягу тыдня вучні наведалі выставу ў школьнай бібліятэцы “Беларускія выданні – дзецям”, пазнаёміліся з газетамі і часопісамі на беларускай мове. Сапраўдная інтэлектуальная барацьба адчувалася на інтэрактыўных перапынках “У пошуках моўных скарбаў”, на якіх вучні 1–11-х класаў праяўлялі сваю кемлівасць у разгадванні крыжаванак, рэбусаў, загадак, складанні прыказак, перакладзе слоў. Школьнікі яшчэ раз упэўніліся, наколькі багатая і прыгожая беларуская мова. Шмат станоўчых эмоцый выклікала зона рэлаксу “Малюем любімую беларускую казку”, падрыхтаваная для малодшых школьнікаў. Напярэдадні свята, Дня роднай мовы, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і прыцягнення да яе ўвагі, вучні 9-х класаў пісалі творчую работу “За што я люблю родную зямлю?”.

Вучні 8-х класаў адправіліся ў цікавае падарожжа ў мінулае нашай краіны – наведалі этнічны куток нашай школы.

21 лютага – Міжнародны дзень новай мовы. У нашай школе ў поўнай меры адчулі гэта свята настаўнікі і вучні. На перапынках гучалі выказванні на роднай мове не толькі вучняў, але і настаўнікаў, работнікаў школы. Актыўны ўдзел прынялі вучні ў літаратурнай вечарыне чытальнікаў вершаў беларускіх пісьменнікаў, уласных твораў пра родную мову. З цікавасцю прайшла акцыя “Маё любімае беларускае слова”, на якой вучні старшых класаў бралі інтэрв’ю ў настаўнікаў на роднай мове. Вучні 7–8-х класаў выпрабоўвалі свае сілы ў стварэнні кросенсаў да беларускіх літаратурных твораў. Інтэлектуальная гульня “Лепшыя беларусазнаўцы” з выкарыстаннем QR-кодаў прайшла для вучняў 6–9-х класаў. У конкурсе прэзентацый “Любімы літаратурны твор” паказалі сваё майстэрства вучні 10–11-х класаў.

Апошнім акордам гэтага цудоўнага свята роднай мовы сталі пажаданні вучняў, якія спрабавалі скласці сэрца любімых слоў “Беларуская – самая мая”.

Мерапрыемствы былі накіраваны не толькі на папулярызацыю беларускай мовы і пашырэнне сферы яе выкарыстання, але далі магчымасць атрымаць новыя веды, выклікаць эстэтычнае задавальненне, умацаваць павагу і любоў да нашага роднага беларускага слова.

Па выніках прадметнага тыдня на ўрачыстай лінейцы былі адзначаны пераможцы ў розных конкурсах і мерапрыемствах.

 

Вольга ГУРЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий