Пад такой назвай прайшло ў сярэдняй школе № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы фальклорнае свята.
Рыхтаваліся да яго мы з вучнямі 9 “Б” класа загадзя. Напачатку дзяўчаты і юнакі выпытвалі ў сваіх бабуль і дзядуляў, прабабуль і прадзядуляў пра тое, як яны некалі праводзілі свой вольны час, у якія гульні гулялі, якімі рамёствамі займаліся, што рабілі на вячорках. Адпаведную інфармацыю адшуквалі таксама ў розных літаратурных выданнях і інтэрнэце. Пасля ўсе сабраныя звесткі пад кіраўніцтвам педагога групавалі, абагульнялі, каб атрымаць больш поўнае ўяўленне пра тагачаснае жыццё і звычаі сялян.
І вось пачынаецца цікавае падарожжа па краіне нашых продкаў. А бярэ яно свой адлік з вясковай сядзібы, якая ўяўляе сабой спадчыну: і зробленую рукамі чалавека, і духоўную, што прыйшла з мінулага ў дзень сённяшні і якую трэба зберагчы для нашчадкаў.
Родны куточак, бацькоўская хата, колькі там ласкі, дабра, чысціні… Вучні знаёмяць прысутных з асаблівасцямі інтэр’ера сялянскай хаты і рэчамі, якія знаходзяцца ў ёй. Вось так, пакрысе, і ажыццяўлялася, дзякуючы сумесным намаганням педагога і вучняў, падарожжа ў гістарычнае мінулае нашага беларускага народа. Прычым аповед пра жыццё і звычаі сялян суправаджаўся песнямі і вершаванымі радкамі. Патрэбна было вучням адгадаць загадкі. Праводзіўся і конкурс лепшых знаўцаў прыказак і прымавак па тэме вандроўкі. Акрамя таго, дэманстраваліся прадметы побыту, тагачаснае адзенне, абутак, вырабы мясцовых майстроў.
На фальклорным свяце вучні 9 “Б” класа паказалі прысутным беларускія вячоркі. Гледачы на свае вочы ўбачылі такія народныя прылады, як маслабойка, дзяжа, калаўрот прасніца, кашы, збаны, гарлачы, лапці і інш. На вячоркі ў госці завіталі суседзі і знакамітыя людзі вёскі і паведамілі вучням пра тое, якой была покутняя сцяна ў вясковым доме, пра прылады, якімі карысталіся нашы продкі. Не абышліся вячоркі без песень і танцаў.
Дзевяцікласнікі змаглі не толькі атрымаць уяўленне пра беларускую хату, але і далучыцца да багатай культурнай спадчыны свайго народа і зразумець, як важна ведаць сваё мінулае і даражыць ім.
Што страцiлi мы з гэтай спадчыны? Што прыдбалi за свой век? На гэтыя пытанні спрабавалі даць адказ дзевяцікласнікі, якія рыхтавалі мерапрыемства. І ў іх гэта атрымалася.
Святлана МАКЕДОН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы