Падарожжа па краіне роднай мовы здзейснілі другакласнікі свіслацкай гімназіі

- 13:06ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Міжнародны дзень роднай мовы вучні 2 “А” класа гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы адправіліся ў падарожжа па краіне роднай мовы, паклікаўшы на дапамогу веды і фантазію.

Мэта гульні-падарожжа – замацоўваць веды вучняў пра мову, багацце і разнастайнасць моўных сродкаў, развіваць уменне працаваць у групе, разважаць; ствараць умовы для выхавання павагі і пачуцця любові да Радзімы, роднай прыроды, беларускага слова.

У падарожжа адправіліся тры каманды: “Званочкі”, “Васілечкі”, “Каласочкі”. Падчас падарожжа па краіне роднай мовы вучні рабілі прыпынкі і выконвалі розныя заданні.

На прыпынку “Словаведы” удзельнікі падарожжа паказалі добрыя веды і правільна растлумачылі значэнне беларускага слова, злучыўшы назву слова з малюнкам. Лепшымі на прыпынку “Перакладчыкі”, дзе гульцы перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, былі Маргарыта Курбат і Кацярына Сяргеева з каманды “Васілечкі”. Жывы інтарэс выклікаў прыпынак “Старонкі мінулага і сучаснага”. Патрэбна было кожнай камандзе адказаць на пытанні па гісторыі сваёй краіны. Лепшым знаўцам гісторыі быў прызнаны Данііл Фецісенка з каманды “Каласочкі”. З задавальненнем вучні працавалі на прыпынку “Крылатая паштоўка ”. У паштоўцы знаходзіліся два малюнкі з зашыфраваным фразеалагізмам. Патрэбна было адгадаць, якія фразеалагізмы паказаны на малюнках, растлумачыць, што яны абазначаюць. На гэтым прыпынку вучні не толькі паказалі свае веды, але праявілі фантазію і паказалі акцёрскія здольнасці. Самым артыстычным быў Захар Бойка з каманды Званочкі”. Прыпынак “Знаўцы беларускага фальклору” высветліў, як добра вучні ведаюць прыказкі – яны пераблыталася паміж сабой. Трэба было знайсці пачатак і канец прыказкі і растлумачыць, што яна абазначае. Наступным быў прыпынак “Таямнічая скрыня”. На ім дзеці адгадалі, якія рэчы знаходзіліся ў скрыні. Сярод рэчаў былі беларускі нацыянальны ручнік, фартух, якія дзеці ўпрыгожылі беларускім арнаментам.

Прыпынак “Нельга забыць” быў прысвечаны Году гістарычнай памяці, спрыяў развіццю пазнавальных інтарэсаў да гістарычнага мінулага Беларусі. Удзельнікі падарожжа наведалі школьную бібліятэку, дзе чыталі вершы на роднай мове на ваеную тэматыку. Лепшымі чытачамі сталі Савелій Бяляцкі, Аляксей Герман і Кірыл Пракапчук.

На апошнім прыпынку “Юныя пісьменнікі” кожная каманда напісала лісты, дзе вучні выказалі сваю любоў да роднай беларускай мовы. Прыемна адзначыць, што ўсе каманды былі актыўнымі, рашучымі і паказалі цудоўныя веды, за што і атрымалі дыпломы лепшых знаўцаў беларускай мовы. Падводзячы вынікі мерапрыемства, вучні зразумелі, што наша беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях. Нашы прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана сярод іншых моў свету. Важна адзначыць, што ўсе дзеці з задавальненнем складалі прыказкі, адгадвалі рэбусы, крыжаванкі, адказвалі на пытанні, успаміналі беларускія народныя казкі.

Мерапрыемства дапамагло далучыць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбіць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіць пачуцце грамадскасці, любові да Радзімы. Вельмі важна вучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы і з задавальненнем на ёй размаўляць.

 

Алена ПЕКАР,
настаўнік пачатковых класаў
гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий