Паўлаўскі каравай паспрабавалі слонімскія другакласнікі  

- 14:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 2 “В” класа сярэдняй школы № 8 Слоніма наведалі вёску Паўлава, пабываўшы на экскурсіі “Паўлаўскі каравай”.

Уражанні ад наведвання самыя прыемныя і надоўга застануцца з намі. З першых хвілін сустрэчы ў дзяцей загарэліся вочы ад цікавасці і захаплення. А прыемны водар свежавыпечаных караваяў зачараваў і дзяцей, і настаўнікаў. Цікава было чуць пра гісторыю і розныя віды караваяў. А глядзець на гатовыя вырабы хацелася бясконца, бо гэта былі сапраўдныя шэдэўры кулінарнага мастацтва.

У час экскурсіі другакласнікі былі не проста слухачамі, а сталі актыўнымі ўдзельнікамі падзей. Дзеці спрабавалі вілкамі дастаць гаршчок з печы, як рабілі гэта калісьці гаспадыні, назіралі, як распальваюць агонь у печы, патрымалі ў руках прадметы побыту, адгадвалі загадкі, гулялі ў вясёлыя гульні, сталі ўдзельнікамі незвычайнага аркестра. Нават самыя гарэзы і непаседы забыліся пра свае свавольствы.

Майстар-клас па вырабе ўпрыгожанняў для каравая дапамог кожнаму паверыць у свае здольнасці. Кветачкі, птушачкі, шышкі з цеста дзеці вылепілі сваімі рукамі. З цікавасцю ўсе назіралі, як вырабы запякаліся ў печы, а потым кожны іх паспрабаваў.

Калі на стале з’явіўся чай і каравай, то кожны, добра папрацаваўшы, адчуў, што не супраць падсілкавацца. Аднадушна вырашылі, што такі смачны пірог і духмяны чай спрабуюць упершыню.

Экскурсія скончылася, але ніхто не спяшаўся да аўтобуса. Хацелася яшчэ хвілінку пабыць у гэтым цудоўным месцы. Мы шчыра падзякавалі ўсім, хто так гасцінна нас сустракаў: загадчыку філіяла Навасёлкаўскага цэнтра культуры Наталлі Стасюкевіч і хормайстру філіяла Таццяне Кірыенка, метадысту аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” Дар’і Кірыенка.

У салоне аўтобуса па дарозе дадому ўсе абменьваліся ўражаннямі. Кожны з вучняў і настаўнікаў у руках беражліва трымаў пакуначак, дзе ляжаў сапраўдны скарб – хлеб пад назвай “Паўлаўскі каравай”.

 

Алена ЯКАЎЧЫК,
настаўнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка 2 “В” класа
сярэдняй школы № 8 Слоніма

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий