Шклоўскія школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах тыдня роднай мовы

- 20:20МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Цэлы тыдзень родная мова гучала ў сценах сярэдняй школы № 1 Шклова.

Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і сёлетні. Цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Акцыя аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі ўрокі на беларускай мове. Святочная лінейка, прысвечаная тыдню роднай мовы, яшчэ раз нагадала значнасць і ролю беларускай мовы для кожнага беларуса.

На пачатку тыдня былі праведзены інфармацыйныя гадзіны “Дала мне маці гэту мову”. У бібліятэцы была наладжана выстава твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў “Чытаем па-беларуску” і выстава “Пісьменнікі – юбіляры 2022”.

Інфармацыйная прастора школы таксама адпавядала святу. Вучні 8-х класаў прынялі ўдзел у віктарыне “Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!”. Вучні 6-га класа падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Жывое ў вяках беларускае слова!”. Школьнікі з вялікім задавальненнем чыталі вершы на роднай мове, спявалі беларускія народныя песні. Пяцікласнікі з лёгкасцю адказалі на пытанні віктарыны “Аматары роднага слова”. Вучні 10–11-х класаў прымалі ўдзел у “Свяце фразеалагізмаў, прыказак і прымавак”. Пазнавальны інтарэс у вучняў выклікала пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа “Славутыя сыны Беларусі: Якуб Колас і Янка Купала”. Моўная дыктоўка стала яшчэ адной акцыяй, якая аб’яднала вучняў усёй школы. Актыўна, весела і пазнавальна вучні выконвалі заданні ў намінацыях “Прыгажосць роднай мовы” і “Смак роднай мовы”, якія грунтаваліся на перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую. У выніку атрымалі не толькі веды, але і ўзбагацілі свой слоўнікавы запас.

Усе мерапрыемствы тыдня прайшлі цікава і непаўторна. Вучні і настаўнікі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што родная мова – жывая мова!

А ў апошні дзень тыдня дзеці па-беларуску віншавалі абаронцаў Айчыны!

 

Крысціна КАВАЛЁВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Шклова

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий