Традыцыйна ў сярэдняй школе № 5 Смаргоні да Міжнароднага дня роднай мовы прымеркаваны тыдзень беларускай мовы. Не стаў выключэннем і сёлетні навучальны год.
У святочны дзень школа ператварылася ў вялікі культурны горад са сваімі плошчамі, праспектамі, вуліцамі, завулкамі, якія былі прысвечаны найперш юбілярам – класікам беларускай літаратуры. Гэты перформанс стварылі вучні 9–11-х класаў. З якой цікавасцю і задавальненнем вандравалі па гэтых вуліцах вучні пачатковай школы і іх старэйшыя сябры!
А паглядзець і паслухаць было што. Тут вам і вусны часопіс з ілюстрацыямі пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Н.Гілевіча, М.Багдановіча. Тут вам і песні на словы А.Куляшова ў выкананні саміх дзевяцікласнікаў, і экскурсія па бібліятэцы імя Я.Купалы і ў тэатр імя Я.Купалы.
Вуліца Я.Коласа аказалася самай загадкавай і “мадэрновай”. Усе сцены аформлены ў выглядзе імправізаванай стужкі часу, якую можна разгадаць толькі пры дапамозе QR-кода. Паламаць галаву можна было над заданнямі “Што? Дзе? Калі?”: вызначыць выяву вядомага мастацкага ці гістарычнага аб’екта, скрытага з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі – ізноў выручаў QR-код. Для старшакласнікаў – інтэрактыўны тэст па жыцці і творчасці Я.Коласа, а напрыканцы вуліцы – тэатралізаванае прадстаўленне пра жыццё класіка, створанае сіламі дзесяцікласнікаў.
У фае школы размясцілася плошча М.Танка. Кожны перапынак тут гуляла “школьная грамадскасць”. Па тэлевізары ішлі ролікі, чэленджы на творы М.Танка, створаныя вучнямі. Пляцоўка прапаноўвала малюнкі на творы пісьменніка; стужку часу, надрукаваную на папяровым носьбіце і ў анлайн-фармаце пры дапамозе QR-кода. Самыя кемлівыя мелі магчымасць разгадаць крыжаванку па творах паэта, уставіць прапушчаныя словы ў яго вершах, пабыць суаўтарамі творцы, працягнуўшы яго верлібры. Пераможцы атрымлівалі салодкі прыз.
Да адкрытага мікрафона падышла нават дырэктар школы Раіса Захарыч і натхнёна прадэкламавала верш М.Танка “Готыка святой Ганны”.
Натуральна было ўспомніць, што вуліцы нашага горада названы не толькі ў гонар пісьменнікаў і паэтаў, але і ў памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, і пра гэта эмацыянальна распавялі хлопцы-дзесяцікласнікі.
Закончылася моўнае свята абласным дыктантам па беларускай мове. Што лагічна: мову сваю мы любім і ведаць павінны!
Марыя ЦІТОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Смаргоні