Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў навагрудскай школе № 5  

- 19:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напярэдадні святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Роднай мове прысвячаю”.

На працягу тыдня працавала інтэрактыўнае кафэ, дзе дэманстраваліся фільмы, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў. А на перапынках вучні школы станавіліся ўдзельнікамі арт-акцыі “Мая бабуля казала…”, падчас якой кожны яшчэ раз дакранаўся да багатай на прыказкі і прымаўкі роднай мовы. Кніжная паліца-выстава “Беларускія пісьменнікі – юбіляры” прыцягнула ўвагу аматараў чытання. Кожны клас узяў удзел у падрыхтоўцы выставы “На што падобна літара Ў”. Атрымаўся яркі калейдаскоп з цікавых малюнкаў. Выстава прыцягнула ўвагу і дарослых, і дзяцей неверагоднай фантазіяй і цікавым уяўленнем навучэнцаў. Цікава прайшлі ў школе віктарыны “Ведай беларускую мову”, “Кола загадак”, гульня-лато “Знаўца беларускай мовы”. А вучні 2 “А” класа падрыхтавалі інсцэніроўку беларускай народнай казкі “Каток – залаты лабок”.

Тыдзень беларускай мовы – гэта перш-наперш гучанне роднай мовы, прапаганда беларускага слова, яго каларыту і мілагучнасці. І, безумоўна, не абышлося без літаратурных хвілін. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі чэленджа “Мова”. Вучні чыталі вершы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, а пасля праз сацыяльную сетку Instagram перадавалі эстафету сваім сябрам. Навучэнцы 1–4-х класаў падрыхтавалі відэапаштоўкі “Беларусь – мая старонка”.

Малодшыя школьнікі таксама не засталіся ў баку. Шмат эмоцый выклікала ў першакласнікаў слоўнікавая гульня-забава “Гучы, роднае слова!” Падчас гульні дзеці сталі “перакладчыкамі” і з захапленнем называлі знаёмыя словы па-беларуску. Мерапрыемства прынесла карысць і асалоду маленькім беларусам.

 

Алена ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий