У Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень лічбавай адукацыі, асноўнай мэтай правядзення якога стала ўдасканаленне ўменняў, навыкаў, кампетэнцый педагогаў па далейшым развіцці інфармацыйнай адукацыйнай прасторы ўстановы, ажыццяўленне эфектыўнай і якаснай работы па рэалізацыі канцэпцыі лічбавай трансфармацыі.
Пачаўся тыдзень з практыка-арыентаванага семінара для педагогаў “Магчымасці выкарыстання інтэрактыўных сэнсарных сістэм (мультыбордаў) у адукацыйным працэсе”. Настаўнік інфарматыкі М.І.Пятроўскі расказаў пра магчымасці праграмы EasiNote для стварэння інтэрактыўных урокаў і прэзентацый у працэсе выкладання беларускай і рускай моў, матэматыкі, хіміі, фізікі і іншых прадметаў. Педагог пазнаёміў калег з прыёмамі стварэння графічных аб’ектаў, розных геаметрычных фігур і ліній, на практыцы паказаў, як дадаваць выявы, відэа, а таксама выкарыстоўваць шырокі набор інструментаў праграмы. Педагогі папрактыкаваліся ў распрацоўцы віктарын, тэстаў і інтэрактыўных гульняў з дапамогай платформы Kahoot. Настаўнікам быў прапанаваны спіс спасылак на карысныя сайты.
На працягу тыдня лічбавай адукацыі прайшлі адкрытыя ўрокі па беларускай мове настаўнікаў С.А.Чакавой, А.М.Каваленка, Т.В.Рагачук, англійскай мове (І.А.Маругіна), рускай літаратуры (С.І.Бычкоўская), матэматыцы (В.Т.Гражынская), грамадазнаўстве (І.В.Ціхон), занятак у дашкольнай рознаўзроставай групе па адукацыйнай вобласці “Дзіця і прырода” (А.І.Каваленка).
На занятках педагогі выкарыстоўвалі мультымедыйныя прэзентацыі, створаныя з дапамогай праграмы PowerPoint і платформы Canva, інтэрактыўныя заданні ў фармаце “Знайсці пару”, “Класіфікацыя”, “Хто хоча стаць мільянерам”, “Знайсці словы” і інш. (сайт Learningapps, праграма easyQuizzy, платформа “Рэбус1”), відэаролікі, аўдыё-дадаткі, “Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс” і інш.
Творчы падыход і жаданне зрабіць урокі больш яркімі і дынамічнымі, запамінальнымі і захапляльнымі, эфектнымі і эмацыянальнымі, а галоўнае – прадуктыўнымі дазволілі педагогам дасягнуць пастаўленых мэт і правесці заняткі на высокім метадычным узроўні.
Завяршыўся тыдзень майстар-класам настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Т.Э.Шмык па стварэнні інтэрактыўнага плаката з дапамогай сэрвіса Thinglink.
Падводзячы вынікі тыдня, хачу заўважыць, што лічбавыя тэхналогіі даюць магчымасць дасягнуць свабоды творчасці ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, сапраўды дапамагаюць дзецям лягчэй засвойваць прадметны матэрыял і менш стамляцца ад заняткаў, а таксама павялічваюць іх матывацыю навучання.
Дзякуючы зладжанай працы настаўнікаў і іх высокаму майстэрству на працягу тыдня лічбавай адукацыі была створана асаблівая атмасфера, прасякнутая духам стварэння, творчасці, жаданнем падзяліцца ўласнымі адкрыццямі.
У планах педагогаў – працягваць самаадукацыю па тэме лічбавых тэхналогій, ствараць электронныя адукацыйныя рэсурсы, праводзіць адкрытыя ўрокі і майстар-класы, ствараць відэазаняткі для папулярызацыі вопыту работы.
Марына ГАРАДОВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна