Экскурсія навагрудскіх школьнікаў на гару Міндоўга

- 11:17ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні наведалі помнік князю Міндоўгу і гару Міндоўга ў Навагрудку. Школьнікі пачулі гісторыю пра жыццёвы шлях караля Міндоўга – заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага.

У адным з паданняў гаворыцца, што некалі на вяршыні гэтай гары было мармуровае надмагілле, над якім узвышалася дзівосная статуя дзяўчыны з тварам нетутэйшай, анёльскай прыгажосці. Пад плітой з мармуру пакоілася непараўнальная прыгажуня Крыся. Менавіта яна стала правобразам скульптур і насценных роспісаў віленскіх каталіцкіх храмаў. Стваральнікам гэтых шэдэўраў быў закаханы ў Крысю італьянскі мастак і разьбяр Джавані Перэцый. Пазней у паэмах Адама Міцкевіча ажывалі бітвы мінулага, вялікія продкі ўваходзілі ў замак Навагрудскі, і над усім, былым і мінулым, узвышалася гара Міндоўга.

З апошніх дзесяцігоддзяў XVII стагоддзя на ёй сталі хаваць навагрудскіх хрысціян. На фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя захаваны помнікі з каменя і металу, драўляныя крыжы могілак “На гары”. Да нашых дзён захаваліся нешматлікія надмагільныя пліты. Надпіс на самай старой з іх датаваны 1820 годам.

У ліпені 1993 года, калі ў Навагрудку святкавалі 740-годдзе каранацыі Міндоўга, каля падножжа гары адбылося адкрыццё памятнага знака, вырабленага па праекце скульптара В.М.Летуна. У верасні 2014 года там была ўсталявана скульптура ўзброенага Міндоўга ў латным уборы.

Дарэчы, у Навагрудку працягваюцца раскопкі замка вялікіх князёў літоўскіх, аднаўляецца вежа Шчытоўка. Гара Міндоўга чакае сваіх даследчыкаў, якія адкрыюць яе старажытныя таямніцы.


Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік
Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий