Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, для ханявіцкіх навучэнцаў

- 8:57ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Кожны год у Ханявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове: літаратурныя вечарыны і гасцёўні, акцыі “Гавары са мной па-беларуску”, конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, удзел у гульні-конкурсе “Буслік”. Не стаў выключэннем і гэты год.

Гульня-конкурс “Буслік–2022” дала старт мерапрыемствам, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 20 навучэнцаў, якія вырашылі праверыць узровень сваіх ведаў па роднай мове. Наступнай падзеяй была рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, у якой прынялі ўдзел настаўнікі, а таксама прадстаўнікі грамадскасці. Праз удзел у Instagram-чэленджы “Дзень роднай мовы” навучэнка 10-га класа Вікторыя Кудлаш перадала эстафету чытання любімых беларускамоўных твораў. У яе выкананні шчыра і пранікнёна прагучаў верш Я.Янішчыц “Сынок і маці”.

Камедыя “Паўлінка”, зборнікі вершаў, паэма “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, трылогія “На ростанях” – гэтыя, а таксама іншыя вядомыя творы выдатных беларускіх пісьменнікаў, сёлетніх юбіляраў, Янкі Купалы і Якуба Коласа былі прадстаўлены на літаратурнай выставе “Янка Купала і Якуб Колас: летапіс жыцця і творчасці”. Таксама ў фармаце “дэжавю” “Цікавыя факты пра мову” навучэнцы змаглі ўспомніць некаторыя вядомыя факты пра мову, напрыклад: даследаванні ЮНЕСКА сведчаць, што беларуская мова – адна з самых мілагучных пасля італьянскай. Хтосьці сумняваецца? А вы прачытайце верш Рыгора Барадуліна “Матылёк”.

Яшчэ ў гэты дзень працавала літаратурная гасцёўня “Чытаем “Новую зямлю” Якуба Коласа”. У ходзе мерапрыемства навучэнцы разам з настаўнікамі ўспомнілі гісторыю стварэння твора, які ў наступным годзе адзначыць свой стагадовы юбілей. А потым гучала адметнае Коласава слова: удзельнікі ўспаміналі завучаныя на памяць любімыя радкі з вядомага твора, чыталі знаёмыя раздзелы, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытанага. Прадоўжыўся дзень конкурсам пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, а навучэнцы 3–4-х класаў змаглі праверыць свае веды па беларускай мове праз удзел у інтэрактыўных гульнях “Смак роднай мовы”.

Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы заставяць задумацца пра значэнне мовы, яе ролю ў жыцці кожнага, адчуць тую непарыўную сувязь з мінулым, якая і сёння злучае пакаленні і падкрэслівае нашу самабытнасць.

 

Ніна ТАРАНОВІЧ,
Жанна ШКОДЗІЧ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий