Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна было арганізавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Табою сагрэты, роднае слова!”.
У Год гістарычнай памяці асабліва важна паспяховае выкарыстанне роднай мовы, бо менавіта мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж мінулым, сучасным і будучым. Родная мова – гэта скарб, які можна бясконца знаходзіць, адкрываючы ўсё больш новых і незвычайных “цікавінак” у яе паўсядзённай палітры.
Ужо з самай раніцы ў школе панаваў святочны настрой. Усім, хто пераступаў школьны парог, было прапанавана далучыцца да стварэння калажу з любімых беларускіх слоў “У любімай мове, роднай, наскай, ах, якія словы…”. У выніку сумеснай працы атрымаўся незвычайны кошык кветак, складзены з родных слоў. Гэта і Радзіма, і матуля, і каханне, і прывітанне… На працягу ўсяго дня праходзіла акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, калі беларуская мова гучала не толькі на ўроках, але і на перапынках, бо далучыліся да яе правядзення вучні, настаўнікі і ўсе работнікі школы.
Трэба было бачыць, якое здзіўленне чыталася ў вачах вучняў пачатковых класаў, з якой цікавасцю яны ўслухоўваліся ў кожнае слова падчас прагляду мультфільмаў на беларускай мове! “Аказваецца, ёсць такія! Ды яшчэ якія!” – дзяліліся яны ўражаннямі.
Асабліва захапіла вучняў 5–11-х класаў інтэрактыўная гульня з выкарыстаннем QR-кодаў “Пазнай пісьменніка”. Яно і не дзіўна – інфармацыйныя тэхналогіі надзейна і трывала ўвайшлі ў наша жыццё.
Таксама вучні прынялі актыўны ўдзел у Instagram-чэленджы “Дзень роднай мовы”, падчас якога чыталі свае любімыя вершы на беларускай мове.
А настаўнікі і работнікі школы прынялі актыўны ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. Ініцыятарам правядзення дыктанта быў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Згадваюцца словы з тэксту дыктанта “Музей паэта”: “Творы паэта [Янкі Купалы] сталі своеасаблівым мастом, што злучыў беларускую культуру з культурай сусветнай”.
У ІБЦ працавала кніжная выстава “Чытаем па-беларуску”, для вучняў 7–9-х класаў праведзены моўны турнір, падчас якога яны паспрабавалі сябе ў ролі лінгвістаў. Вучні паказалі добрыя веды па беларускай мове ў конкурсах “Лесвіца”, “Эрудыт”, “Хто больш?”, “Адным словам”, “Усявед”, “Веру – не веру”.
А пасля было наведванне Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, супрацоўнікі якога таксама да Міжнароднага дня мовы падрыхтавалі мерапрыемства “Роднае слова, цудоўнае слова”.
Асаблівую ўвагу дзяцей прыцягнуў такі незвычайны музейны экспанат, як альбом “Шануй і любі родную мову”, у якім змешчаны фотаздымак і копія ліста з адказам літаратурных дзеячаў на пытанне “Што для вас беларуская мова?”. А Іван Мележ не проста адказаў лістом на просьбу даць выказванне пра родную мову, а ў сваёй кнізе “Жыццёвыя клопаты” змясціў артыкул “Вучням Гудзевіцкай школы Мастоўскага раёна 1966 г.”, у якім выказаў свае адносіны да роднай мовы: “…Кожная мова ствараецца народам, ствараецца на працягу многіх гадоў, многіх стагоддзяў. Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць. Як нельга не паважаць родны народ. Той, хто не паважае роднай мовы, не паважае роднага народа”. Няма Івана Мележа сярод нас, а яго выказванне пра родную мову – жыве.
Усе мерапрыемствы, якія прайшлі ў гэты дзень, спрыялі пашырэнню сферы выкарыстання і папулярызацыі беларускай мовы. Наперадзе чакаюць не менш цікавыя і захапляльныя падарожжы па роднай мове.
Наталля ДЗЯМБІЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Гудзевіцкай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна