Навагрудскія школьнікі – знаўцы беларускай мовы  

- 20:40ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Штогод педагагічны калектыў і навучэнцы сярэдняй школы № 7 Навагрудка чакаюць незабыўнага свята – Міжнароднага дня роднай мовы. У гэты час ва ўстанове адукацыі праводзяцца самыя разнастайныя вучэбныя і выхаваўчыя мерапрыемствы.

 

Напярэдадні свята для шасцікласнікаў была праведзена анлайн-віктарына “Знаўцы беларускай мовы”. Вучням прапанавалася прайсці тэставыя заданні і даведацца, як добра яны сябруюць з беларускай мовай. Віктарына дапамагла школьнікам праявіць і развіць свае пазнавальныя здольнасці, пашырыць эрудыцыю і кругагляд.

Непасрэдна ў Дзень роднай мовы вучняў, настаўнікаў, бацькоў сустракалі школьнікі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, віталі і зычылі добрага дня на беларускай мове. Вучні атрымлівалі памяткі “Размаўляй са мной па-беларуску”, з якіх можна было даведацца, як правільна павітацца або развітацца, папрасіць прабачэння, выказаць падзяку. Дарослыя атрымалі ў падарунак рэцэпты прыгатавання беларускіх народных страў.

Дзень пачаўся з прагляду відэаролікаў “Цяпло роднага слова”, гучалі беларускія народныя песні. Вучні 1-х, 2-х, 5-х і 6-х класаў прынялі ўдзел у беларускіх народных гульнях “Аднойчы на Масленіцу” і “Жораў”. Іх гісторыя арганічна звязана з гісторыяй народа, яго працай, побытам, вераваннямі і звычаямі. Беларускія народныя гульні перадаваліся з пакалення ў пакаленне, назапашваючы лепшыя нацыянальныя традыцыі. Асаблівай павагай карысталіся гульні, у якіх патрабаваліся сіла, вынослівасць і адвага. Школьнікі справіліся з пастаўленымі задачамі на выдатна. Атрымалі вялікую асалоду і задавальненне. Выказалі пажаданне яшчэ падрыхтаваць цікавыя гульні ў бліжэйшы час.

“Моўныя залацінкі” раскрылі свет цікавых прыказак і прымавак, рэбусаў і крыжаванак, а таксама далі магчымасць пачуць выказванні беларускіх пісьменнікаў пра мову, радзіму, прыроду.

Цікавую гульню-віктарыну “Зліваюцца гукі ў словы” правялі для вучняў 3–4-х класаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Задача – стымуляваць цікавасць да вывучэння роднай мовы, захапіць прыгажосцю роднага слова.

Для малодшых школьнікаў быў прапанаваны прагляд мультфільмаў “Прыгоды Несцеркі”, “Піліпка” на беларускай мове з наступным абмеркаваннем.

Цікавым і займальным для вучняў 8-х і 9-х класаў стала эўрыстычнае заданне па афармленні кнігі “Мова – наша багацце”. Гэта калектыўная творчая дзейнасць праектнай накіраванасці, якая дапамагае развіццю пазнавальнай актыўнасці, выхаванню пачуцця калектывізму, умення працаваць у камандзе.

Вучням 7-х класаў было прапанавана заданне ў форме таямнічага пісьма “Сустракаем Масленіцу”. Патрабавалася веданне яе святкавання, трактоўкі народных прымет, складу рэцэптаў прыгатавання святочнай ежы.

Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Ёсць людзі, якія вельмі любяць, шануюць сваю родную мову, выступаюць у яе абарону. Любяць за тое, што яна прыгожая і мілагучная. За тое, што яна самая найлепшая за ўсе мовы ў свеце… І з гэтым нельга не пагадзіцца.

 

Алена ХАЦІТОЎСКАЯ,
Дзіяна БАРЫСЕВІЧ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Навагрудка

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий