Патрыятычнае мерапрыемства “У роднай мовы – роднае карэнне”

- 14:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У пачатковых класах Сінькоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна прайшло мерапрыемства “У роднай мовы – роднае карэнне”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Падзея праходзіла пад дэвізам “Размаўляй са мной па-беларуску”. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй свята, прагледзелі відэаролік, дзе вядомыя беларусы выказваюцца пра родную мову, а таксама пазнаёміліся з выказваннямі славутых пісьменнікаў. Найбольш даспадобы дзецям прыйшлося выказванне Алеся Разанава: “Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, i гэты твор – мова”.

Падчас гульні вучні патрымалі ў руках розныя слоўнікі беларускай мовы, пазнаёміліся са старажытнай і сучаснай лексікай роднай мовы. У гульнёвай форме былі праведзены конкурсы “Перакладчык”, “Беларуская прыказка”, “Рэбусы”, “Вясёлая пантаміма”.

Напрыканцы мерапрыемства школьнікі адказалі на галоўнае пытанне: “Чаму нам трэба берагчы і паважаць родную мову?” Кожны вучань выказаўся, з чым у яго асацыіруецца родная мова. Варыянты былі розныя: з кветкамі, са школай, з маці, з вёскай. Але самае галоўнае тое, што ўсе дзеці ўсвядомілі, што наша мова – беларуская – самая родная і прыгожая.

 

Дзіяна БОЛДЫШ,
настаўнік пачатковых класаў
Сінькоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий