Тэматычны дзень “Гучы, родная мова!”

- 9:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У Гезгалаўскім яслях-садзе Дзятлаўскага раёна стала добрай традыцыяй арганізацыя тэматычнага дня “Гучы, родная мова!”

На працягу ўсяго дня праводзяцца разнапланавыя мерапрыемствы, звязаныя з выхаваннем у дзяцей любові да Радзімы, сваёй роднай мовы. Гэта і моўная акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”, і дзіцячае інтэрв’ю “Я люблю Беларусь, таму што…”, і віртуальныя экскурсіі “Краіна, у якой мы жывем”. Вялікую цікавасць у выхаванцаў вызвала літаратурнае падарожжа “Па старонках любімых казак”, дзе разам з казачнымі героямі дзеці адгадвалі відэазагадкі, падбіралі прыказкі і прымаўкі да ілюстрацый літаратурных твораў.  

Асабліва хочацца адзначыць конкурс чытальнікаў вершаў на роднай мове. У ім прынялi ўдзел выхаванцы 5–7 гадоў. Вельмi старанна, з вялiкай адказнасцю рыхтавалiся маленькiя беларусы да мерапрыемства. Разам з бацькамi i выхавальнiкамi падабралi і вывучылi вершы на тэму “Нашы цацкі”. 

Падчас мерапрыемства ў святочнай, аформленай у беларускім стылі, зале дзяцей гасцінна сустрэла вядучая літаратурнага конкурсу Ала Шашко, якая, павітаўшы гасцей, прапанавала паслухаць верш Н.Гілевіча “Родная мова”, а затым спытала ў малечы: “Якая мова з’яўляецца для нас роднай і чаму?” Дзеці з гонарам адказалі на гэта пытанне.

З вуснаў выхаванцаў, як залаты званочак, паліліся вершаваныя радкі Е.Лось, Т.Краско, Н.Галіноўскай, М.Чарняўскага. У перапынках паміж чытаннем вершаў выхаванцы разам з літаратурным героем Дзедам Міхасём гулялі ў беларускія гульні “Дудка”, “Лапці”, “Іванка”, “Гарлачык”.

Даволі цяжка было вызначыць пераможцаў конкурсу чытальнікаў. Усе дзеці вельмі стараліся. У выніку дыплом І ступені атрымалі выхаванцы рознаўзроставай групы № 2 Анастасія Кашко і Міраслаў Гаўрош. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны выхаванцы рознаўзроставай групы № 2 Эвеліна Санюк і Цімур Курачка. Дыпломам ІІІ ступені адзначаны выхаванец групы інтэграванага навучання і выхавання Уладзіслаў Паўлючэнкаў. Усе астатнія чытальнікі вершаў атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу.

Мы ўпэўнены, што такія мерапрыемствы дапамогуць нашым выхаванцам усвядоміць сваю прыналежнасць да беларускага народа, скласці сістэму каштоўнасцей, у якой родная беларуская мова будзе займаць пачэснае месца.

 

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий