Вучні гулялі ў беларускія народныя гульні, а педагогі пісалі дыктоўку  

- 14:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Панядзелак 21 лютага для вучняў і педагогаў Навагрудскай спецшколы-інтэрната выдаўся вельмі насычаным і багатым на падзеі. Уся школа святкавала Міжнародны дзень роднай мовы.

Пачалася раніца святочнай лінейкай, на якой гучалі вершы беларускіх пісьменнікаў: Цёткі, Максіма Танка, Янкі Купалы. Для вучняў малодшых класаў былі арганізаваны дынамічныя перапынкі з беларускімі народнымі гульнямі: “Золата”, “Паляванне на ліса”, “Блін гарыць”. Гульнёвы фальклор з’яўляецца надзейным захавальнікам роднай мовы, нацыянальнай культуры. Падчас гульняў падлеткі не толькі змянілі від дзейнасці, але і пазнаёміліся са спосабамі актыўнага адпачынку нашых продкаў.

На працягу дня ў бібліятэцы працавала кніжная выстава “Цудоўны свет казак”, “Таямніцы беларускай мовы”, а вучні малодшых класаў мелі магчымасць праглядзець экранізацыі беларускіх народных казак “Слухаць добрай рады не шкодзіць”, малявалі казачных персанажаў, чыталі жартоўныя вершы беларускіх паэтаў, разгадвалі загадкі, вучыліся правільна вымаўляць скорагаворкі.

Педагогі і вучні школы прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Чытаем па-беларуску”. Кожны з жадаючых прачытаў свой любімы твор на беларускай мове. Атрымалася вельмі шчыра, душэўна. Відэаролікі з дэкламаваннем вершаў зараз можна паглядзець у сацыяльных групах і на ютуб-канале ўстановы.

Педагогі Навагрудскай спецшколы-інтэрната прынялі ўдзел у напісанні Гродзенскага абласнога дыктанта, які быў арганізаваны галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ва ўстановах адукацыі. Дыктант быў прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Педагогі справіліся з заданнем на выдатна і атрымалі сапраўдную асалоду ад працэсу.

Завяршыўся святочны дзень у нашай установе гульнёй-віктарынай “Знаўцы роднай мовы”, якая была праведзена з вучнямі старшых класаў. Каманды “Бульбашы” і “Валошкі” змагаліся за званне лепшага знаўцы беларускай мовы. Удзельнікі выконвалі заданні: “Слоўны канструктар”, “Інтэлектуальная азбука”, “Тлумачальнік”, “Сінквейн”. Як заўсёды бывае сярод дружнага калектыву – перамагло сяброўства!

Свята скончылася, але мы не будзем забываць пра тое, што выхаваць нацыянальную самасвядомасць, чалавечую годнасць і любоў да роднай краіны без мовы немагчыма.

 

Ірына ГАВАРОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Навагрудскай спецшколы-інтэрната

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий