Патрыятычны клуб “Спадчына” дзейнічае ва ўселюбскай школе  

- 10:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна дзейнічае патрыятычны клуб “Спадчына”, які базіруецца на вывучэнні гісторыі малой радзімы.

Патрыятычны клуб “Спадчына” – гэта магчымасць вывучаць старонкі мінулага, гэта месца, дзе дзіця з’явілася на свет, расце, тут жа знаходзяцца магілы яго продкаў. У цяжкія моманты свайго жыцця мы не помнім вялікую дзяржаву, а цягнемся да сваёй малой радзімы. Пераканана, без пачуцця малой радзімы няма і вялікага патрыятызму.

Багатыя краязнаўчыя матэрыялы дапамагаюць прывіць цікавасць да прадмета “Гісторыя Беларусі”, выхаваць пачуццё гонару за сваю Навагрудчыну, Гродзеншчыну, іх вялікае гістарычнае мінулае, за мужных і таленавітых землякоў – Міхаіла Белуша і Люсю Сечка. Галоўнае, каб вучні ўсвядомілі, што гэтыя людзі жылі тут, у нашай мясцовасці; вучыліся, як і яны, у школах. Былі маладымі, кахалі, а калі прыйшоў час, сталі сапраўднымі героямі. Сёння іх імёны носяць вуліцы Навагрудка.

Работа ў гэтым кірунку не толькі мэтанакіраваная, але і сістэмная. Дзейнасць патрыятычнага клуба “Спадчына” арганізуецца ў трох напрамках: культурна-гістарычным, героіка-гістарычным і духоўным. Фарміраваць нацыянальную самасвядомасць праз вывучэнне культурнай спадчыны сваёй мясцовасці – адзін з прыярытэтаў. Сабраны багаты матэрыял па мясцовым фальклоры: народныя звычаі і святы, мясцовыя песні, дыялекты. Вывучаецца тапаніміка, гісторыя і культура, традыцыі. На аснове сабранага матэрыялу састаўлены пректы “Летапісанне вёсак Бенін і Ацмінава”, “Дыялекты і мянушкі ў гаворках жыхароў нашай мяцовасці”, “Славутыя землякі” і іншыя.

Багатая і цікавая гісторыя аграгарадка Уселюб. Ужо ў пачатковых класах вучні знаёмяцца з гісторыяй роднай вёскі, а ў сярэдніх і старшых класах вывучаюць яе дасканала. Як вынік – віртуальная экскурсія “Уселюб: гісторыя і сучаснасць”.

Важнае месца надаецца ўшанаванню памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў, выхаванню на прыкладзе герояў. Добрым дапаможнікам тут з’яўляецца школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Вехі гісторыі”. У музеі праводзяцца ўрокі гісторыі і пазакласныя мерапрыемствы. Навукова-даследчыя работы “Ваенны лёс маіх землякоў”, “Партызанскі і падпольны рух на тэрыторыі Уселюбскага сельскага савета”, “Лёс партызана Дзешука Аляксандра Іванавіча”, “Сёстры Хатыні” выкарыстоўваю пры правядзенні ўрокаў у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”, на ўроках гісторыі Беларусі па тэмах “Наш край”.

Пры вывучэнні па гісторыі Беларусі тэм, звязаных з культурай беларускіх зямель, зноў жа звяртаюся да этнаграфічнай экспазіцыі школьнага музея, дзе прадстаўлены прадметы побыту нашых продкаў.

Выкарыстоўваю матэрыялы раённай газеты “Новае жыццё” на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці.

З якога боку не набліжаўся б да аграгарадка Уселюб, здалёк бачны купалы двух велічных храмаў: касцёла Святога Казіміра і Свята-Міхайлаўскай царквы. Важнае месца для духоўнага выхавання мае цесная ўзаемасувязь паміж настаяцелямі храмаў і ўстановай адукацыі, так як усе прызваны выконваць адну і тую ж функцыю: выхоўваць асобу маладога чалавека. Святары бываюць ва ўстанове, вучні – у храмах. Настаяцелі моляцца за дзяцей, бласлаўляюць вучняў на пачатак навучальнага года і выпускнікоў – на паспяховую здачу экзаменаў і выбар прафесіі, вучаць быць добрымі і чулымі, жыць па запаведзях Божых.

Выкарыстанне краязнаўчых матэрыялаў на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці для грамадзянска-патрыятычнага выхавання закладвае і захоўвае ў душах дзяцей фундамент духоўнасці роднай зямлі. Неабходна, каб яны пранеслі гэта праз усё жыццё і перадалі будучым пакаленням.

Лічу, што найбольш эфектыўнымі метадамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляецца падрыхтоўка і правядзенне мерапрыемстваў, арганізацыя сустрэч, экскурсій, прадметных тыдняў. Яны фарміруюць цэласны светапогляд, развіваюць пазнавальную цікавасць пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Сабраныя матэрыялы садзейнічаюць раскрыццю здольнасцей вучняў, дазваляюць сфарміраваць асобу, якая зможа вырашаць складаныя праблемы, якія дыктуе жыццё.

Думаю, што сучаснае маладое пакаленне, працягваючы справу продкаў, раскрываючы свае здольнасці, таленты, зробіць усё магчымае, каб наш край станавіўся яшчэ больш прыгожым і магутным.

 

Людміла ШАПУЦЬКА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий