Журналіст раённай газеты Галіна Антонава сустрэлася са старшакласнікамі

- 12:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 3 Смаргоні з нагоды тыдня роднай мовы адбылася сустрэча вучняў 8–10-х класаў з журналістам раённай газеты “Светлы шлях” Галінай Антонавай.

Навучэнцы даведаліся, што Галіна Антонава з’яўляецца пераможцай абласнога конкурсу імя Аляксандра Дубко ў намінацыі “Журналіст года”, была гераіняй аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча”Суразмоўцы”.

Сама Галіна Францішкаўна расказала, як з газетнай публікацыі ствараюцца кнігі: хацелася, каб матэрыял не згубіўся, захаваўся. Вучні даведаліся, што Галіна Антонава з’яўляецца аўтарам кніг “Дзяруга: музыкант, педагог, фатограф”, “Самародкі”, “Лілія Трохалева”, рыхтавала да выдання кнігу Юрыя Чапелкіна “Записки провинциального хирурга” (кніга мемуараў вядомага смаргонскага ўрача). Кнігу неабходна было адрэдактаваць, сістэматызаваць. Журналіст падрабязна расказала пра герояў сваіх публікацый – Аляксандра Дзяругу, заслужанага дзеяча культуры БССР, стваральніка першага цымбальнага аркестра, і Лілію Трохалеву. Адказала на пытанні: хто героі яе публікацый, як прыйшла задума выдаць кнігу пра ўнікальных, таленавітых людзей Смаргоншчыны “Самародкі”.

Госця распавяла, што прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі: выдаваць кнігі на беларускай мове. Звярнула ўвагу, што неабходна захаваць родную мову, бо гэта прымета нацыянальнага самаўсведамлення.

Галіна Францішкаўна падзялілася сваімі творчымі планамі і задумамі. На мэце ў яе – выдаць яшчэ адну кнігу пра таленавітых людзей Смаргоншчыны пад назвай “Месца пад сонцам”.

– Кожны з вас можа знайсці сваё месца пад сонцам, кожны з вас – таленавіты, – звярнулася да вучняў журналіст. – Вельмі важна гэты талент распазнаць, развіваць, а таксама шмат працаваць. Менавіта гэту думку пацвярджаюць многія героі маіх твораў.

 

Галіна МІНКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий